Читать «Напісанае застаецца» онлайн - страница 32
Алесь Петрашкевіч
Адвернік. А нашы зараз да зубрыных ловаў рыхтуюцца. Сапраўднае паляванне на сапраўднага звера… I няма нічога больш справядлівага, як сысціся з ім адзін на адзін.
Скарына (
Адвернік. Маргарыту дарэмна з сабой узяў.
Скарына. Хто ж ведаў. Любіць яна цябе надзвычайна, вось і не засталася дома.
Адвернік. Відаць, што любіць.
Скарына. А ты хіба сумняваешся?
Адвернік. Якія сумневы. Як даведалася, што да цябе еду, на хвіліну не адышла. Не возьмеш, кажа, з сабою, памру ад скрухі. Узяў… і загубіў!.. Францыск, братка, ты разумны, добры, але ты сляпы. Маргарыта любіць цябе. Яна толькі прызнацца сабе не можа…
Скарына. Так не бывае, Юрый!
Адвернік. Бывае! Я перад смерцю кажу табе: бывае! Ты будзеш шчаслівы, калі захочаш. Сын у мяне, Сцяпанка… Яму бацька трэба. Падтрымай Маргарыту, Францыск!..
Скарына. Я застануся з табой.
Адвернік. Пераказаў бы ты мне, Францыск, як там у Гусоўскага пра смерць зубра напісана…
Скарына. Можа, я перакажу што-небудзь іншае?
Адвернік. Не, Францыск, пра смерць хачу.
Скарына. Не трэба, Юрый.
Адвернік. Таму, хто памірае, не адмаўляюць. Пра зубра, пра паляванне, Францыск… (
Скарына. Мужайся, дружа.
Адвернік. Не дзіва?! У гэтым свеце стала не дзіва, калі людзі паляць людзей. Людзі паляць людзей!!!
Кваліфікатар. Настаў час пра Боскае пагаварыць… Ну як яно, доктар? Аб чым думаем? На што спадзяёмся? Пра што марым?..
Скарына. Пра ўдасканаленне чалавечай прыроды мару…
Адвернік. Не дарабіў Бог чалавека. Вось ты хіба чалавек?
Кваліфікатар. Пра смерць, пра смерць думаць трэба.
Скарына. Дарэмна жартуеце. Роздум пра смерць і пазнанне самога сябе ёсць найвышэйшая мудрасць.
Нунцый. Найвышэйшая мудрасць — пазнаць Бога і дасягнуць Яго міласэрнасці. А заклік да апраўдання чалавечага розуму — гэта выклік Богу, царкве і веры! Вы запалілі свой факел ад агню старажытных мудрацоў і хочаце кінуць яго нам пад ногі, каб выклікаць пажар вальнадумства і ерасі. Вы замахнуліся на самыя догмы Святога Пісання.
Скарына. Догмы застануцца догмамі. Розум чалавека — усяму вяршыня. Ідэя асветы і чалавекалюбства, можа, найгалоўнейшая з усіх ідэй, якія нараджаліся ў чалавецтва за ўсе тысячагоддзі яго існавання. Толькі пры дасканалым чалавеку — дасканалая дзяржава і грамадства. Вось чаму чалавек-мудрэц павінен быць прасякнуты духам святой разумнасці і філасофіі.