Читать «Напісанае застаецца» онлайн - страница 15
Алесь Петрашкевіч
Скарына. Цаню нямецкую дзелавітасць, не маю падстаў сумнявацца ў вартасцях вашай пляменніцы, але не магу прыняць вашых прапаноў. Адналюб я і заручаны з другою.
Лютэр. Хто ж яна?
Скарына. Белая Русь.
Лютэр. Ну што ж, доктар, у такім разе я скажу тое, што вам належыць запомніць. (Садзіцца ў крэсла.)
Скарына. Пастараюся быць уважлівым. (Садзіцца ў крэсла.)
Лютэр (цвёрда і ўпэўнена). Вы, доктар Скарына, не любіце сваёй радзімы, не шкадуеце свайго народа, губіце сваю дзяржаву.
Скарына. А чаму гэта вас так непакоіць? I адкуль такое палымянае жаданне выратаваць мой народ, радзіму, дзяржаву?
Лютэр. Тое, што пачалося ў Германіі, у Вітэнбергу, уласна ў гэтым кабінеце і ў гэтай галаве (стукае па сваёй галаве), спыніць нельга. Пратэстанцтва, лютэранства ўжо хлынулі на Валынь, Галіцыю, у Вялікае Княства Літоўскае. Польшча, Курляндыя, Прусія, ваша Белая Русь ужо сталі надзейнымі плацдармамі, адкуль будзе наступаць маё вучэнне. Яго панясуць мае місіянеры, рамеснікі, купцы, мастакі, вучоныя, перасяленцы-лютэране і проста авантурысты. Без іх не абыходзіцца ў вялікай справе. Яны прыйдуць у вашы гарады і мястэчкі, заснуюць свае школы і секты. Ваш цёмны народ, духоўна абяззброены супраць новага, хоць і чужога вучэння, заглыне яго, як рыба жыўца. Папа Рымскі, ксяндзы і папы не пакінуць сваё стада. Яны будуць душыць, паліць і рэзаць ерэтыкоў-лютэран. Белая Русь пачарнее ад дыму кастроў, на якіх будуць гарэць людзі. Вашы людзі, доктар. Я шкадую, што вы некалькі хвілін таму не прынялі маёй рукі на дружбу і саюз, каб пазбегнуць лішніх ахвяр. Цяпер лічыце, што спазніліся. I ведаеце, што пакуль вы сядзелі ў Празе, мой верны воін Лісманіні ўжо вылучыўся ў Вільні сваім майстэрствам у пропаведзі лютэранства. Ваш ксёндз Кульва прапаведуе пратэстантызм. Тысячы католікаў і схізматыкаў на Белай Русі слухаюць майго вернага нунцыя Вінклера. А вы адмовіліся… Бедны народ!..
Скарына (устае з крэсла). Вы недаацэньваеце мой народ, яго патрыятычных перакананняў і высокага пачуцця ўласнай годнасці. Вы не ўлічваеце, што ён не сірата сярод чужынцаў, што ў яго, як ва ўсіх добрых людзей, ёсць браты. Вы не ведаеце і не ўяўляеце, што на Белай Русі выспелі перадумовы таго, каб застацца сабою і абараніць нашу годнасць, нашу веру і нашу Радзіму. Многія дзясяткі сыноў маёй зямлі набіраюцца сёння розуму ў Сарбоне і Оксфардзе, Кракаве і Падуі, Капенгагене і Карлавым універсітэце. Прыйдзе час, будуць у нас і свае друкарні, і свае ўніверсітэты, і жонку я сабе знайду сам. Вам жа ўдзячны за навуку… Ведайце, што ні вам, ні каталіцкаму Рыму не суджана зламаць нас духоўна і заняволіць фізічна! Мяняюцца часы, ваша светласць. (Дастае з-пад мантыі кніжку і з падкрэсленым паклонам перадае яе Лютэру.) А пакуль — прыміце на памяць аб сустрэчы… Гонар маю! (Выходзіць.)