Читать «Напісанае застаецца» онлайн - страница 16
Алесь Петрашкевіч
З-за парцьеры выходзіць Іахім і застывае на месцы, каб не перашкодзіць Лютэру.
Лютэр (разгортвае кніжку, чытае). «Carmen de bizontis».
Голас Гусоўскага (сінхронны пераклад). «Песня пра зубра».
Лютэр. «Verba volant, scripta manent».
Голас Гусоўскага. «Словы злятаюць, напісанае застаецца».
Лютэр. Nicolai Hussoviani… (Паглыбляецца ў чытанне.)
Іахім чакае. Сцэна зацямняецца.
Гучыць голас Гусоўскага:
Войны! Злачынная справа — вайна выклікае Гнеў мой, і слёзы, і боль. Без падтрымкі, бясконца Войны вядзём мы адзін на адзін за свяшчэнны Братні саюз хрысціянства з навалай з усходу. Вораг страшэнны адольвае нас і зламысна Рэжа пад корань наш род і вучэнне Хрыстова У душах народаў на ўсіх заняволеных землях. Ён, спадцішка ўварваўшыся ў нашы ўладанні, Цэламу свету нахабна сцвярджае: ваюю Не за прастору сабе, а за лад у прасторы. З верай сваёй ён ідзе і ў імя нам чужацкага бога Лад свой агнём і мячом усталёўвае ў землях Іншага веравызнання і іншых парадкаў… Кроўю сплываючы, мы абязлюдзелі ў бітвах, Курыцы клюнуць няма дзе на целе ад ран незагойных. Рэкамі кроў наша льецца, і гэтыя рэкі, Хлынуўшы ўпоперак ордам татара-турэцкім, Бег іх імклівы сцішаюць з усходу на захад… Нашых суседзяў напасць батагом не кранула. Певень чырвоны пакуль што па дахах спічастых Крыллем не лопаў, і ўтульна пад цёплай пярынай Кволіцца хіжы драпежнік; яму і нігадкі! Жар на выгарышчах нашых ён бачыць, захопнік, Грудамі золата ўласнага. З гэтым разлікам Ён і спрыяе ўсёй набрыдзі радай і справай. Мы іх, сабакагаловых, спазналі: чакаюць Часу свайго, ненажэрцы, а там і лякарства Хворым прапішуць, ды лекі ўжо будуць па часе. Хто не аслеп, не аглух, той і бачыць, і чуе: Блізка жахаюць маланкі, грыміць з далягляду. Прагнасць захопнікаў грозна, як чорная хмара, Вісне навалай над намі то злева, то справа… Час схамянуцца!.. Сцэна асвятляецца.
(Пасля доўгай паўзы і роздуму). Бог сведка, я не хацеў зла гэтаму разумнаму і сумленнаму чалавеку. Боскай волі было пажадана, каб мы сустрэліся. Я не магу зрабіць нічога іншага, як аб’явіць яго маім сябрам і тым самым аддаць у рукі маім ворагам, хоць віна яго толькі ў тым, што ён любіць сваю радзіму і свой народ, як мы любім сваю радзіму і свой народ… Амін!
Iахім. Амін!
Іахім выходзіць.
Лютэр. Калі інквізітары пераламаюць ерэтыку косці, можа быць, мы яму і дапаможам…
Як толькі Скарына з’яўляецца на прасцэніуме, на яго накідваюцца два стражнікі, скручваюць рукі, нацягваюць на галаву мяшок і валакуць за сабой. Іахім неўзаметку назірае за гэтым.
V
Катавальня. Сцяна, што насупраць, завешана посцілкай. Кат наводзіць парадак у катавальні. Ён у чырвоным балахоне з капюшонам. Замест вачэй чарнеюць дзве дзіркі, там, дзе рот, — белая латка з воблікам Маці Божай; на грудзях вялізны белы круг з чорным знакам распяцця. З’яўляецца Iнквізітар, заглядвае за посцілку.