Читать «Напісанае застаецца» онлайн - страница 13
Алесь Петрашкевіч
Скарына. У такім выпадку я не бачу паслядоўнасці вашага вучэння і не разумею яго асновы…
Лютэр. Усё вельмі проста! Я замяню прынцып «апраўдання верай». Мой дэвіз: «Веру, каб разумець!» Назавіце ваш дэвіз, доктар Скарына!
Скарына. Я не ксёндз, я не поп, наўрад ці стану калі-небудзь прэсвітэрам… I мой дэвіз: «Разумею, каб верыць!» Для мяне рэлігія — гэта споведзь самаўладнага чалавека, яго асабістая схільнасць. Для вас яна — вышэйшая амбіцыя хрысціяніна. Вы збіраецеся агнём і мячом вынішчыць Мюнцэравы камуны перахрышчэнцаў, а я кажу: і тыя, што памыляюцца, і сапраўдныя хрысціяне — дзеці аднаго Бога, і няма розніцы паміж імі. Мой тэзіс: «Бог адзін, а веры розныя». У вас жа супраць яго дзевяноста пяць тэзісаў. Я за пошук месца пад сонцам для ўсіх моў і супраць міжрэлігійнай рознасці, а вы…
Лютэр (
Скарына. Не буду вас абнадзейваць…
Лютэр. Але чаму, калі вы не хочаце крыві і разарэння свайго народа?
Скарына. А чаму вы ставіце лёс майго народа ў залежнасць ад сваіх амбіцый?
Лютэр. Гасподзь дараваў германскаму імператару дзяржаву, роўнай якой не бачыў ніхто з часоў Карла Вялікага. Германія на шляху да сусветнага панавання ў славу Божую і да ўз’яднання ўсяго хрысціянства пад скіпетрам адзінага пастыра. Гэта патрэбна Усёмагутнаму і Свяшчэннай Рымскай імперыі германскай нацыі.
Скарына. Вам, ваша светласць, давядзецца лічыцца з тым, што якраз гэта не патрэбна тым, хто жыве паміж Грунвальдам і Чудскім возерам, і не толькі.
Лютэр. Пра што гэта вы?..
Скарына. Я пра адвечную верацярпімасць і прыязнасць майго народа да іншых народаў і іх рэлігій, пра тое, чым мы можам ганарыцца. Вы, ваша светласць, як мне здаецца, намагаецеся разбурыць гэта. Сведкамі таму кастры, на якіх спальваюць людзей.
Лютэр. Людзей паліць папская інквізіцыя. Я перамагу яе!
Скарына. Пры дапамозе кастроў…
Лютэр. Мая вера іх не выключае, калі спатрэбяцца.
Скарына. У гэтым я вам не саюзнік. Мір і згода, асвета і навука — вось мая асабістая рэлігія, мой бог, мая вера! А прызначэнне чалавека на зямлі я бачу ў разумнай дзейнасці. Бо страшным можа быць розум, калі ён не служыць чалавеку.
Лютэр. Вы пэўна чулі пра Эразма з Ротэрдама?
Скарына. Я ведаю Эразма.
Лютэр. Некаторыя ў нас лічаць яго кіраўніком еўрапейскай рэспублікі вучоных. Ці не хочаце вы стаць кіраўніком рэспублікі вучоных славян?
Скарына. А чаму вы рашылі, што я супраць гэтага?
Лютэр. Мяне заўсёды кранае славянская непасрэднасць.
Скарына. Вы мне таксама падабаецеся, хоць наўрад ці пасябруем мы.
Лютэр. Не будзем далёка загадваць, а я вам тым часам раскажу, як кёльнскія багасловы вызначылі суадносіны Эразм — Лютэр… Эразм знёс яйка, заўважылі яны, якое выседзеў Лютэр. Пазней Эразм адмовіўся ад куранят лютэраўскай пароды. Магчыма, калі вы, доктар Скарына, дажывяце да старасці, вам давядзецца таксама адмовіцца ад куранят, якіх выседзяць вашы нашчадкі.