Читать «Напісанае застаецца» онлайн - страница 12

Алесь Петрашкевіч

Лютэр (не чакаў). Вы мудра зрабілі, доктар, збегшы адтуль…

Скарына. Я не збег, ваша светласць, і як доктар павінен быў быць зараз з маімі братамі…

Лютэр. Тады вам лепш вярнуцца і памерці разам з братамі…

Скарына. Справа ў тым, што прыйшоў час вярнуцца мне на радзіму сваю. I браты зрабілі ўсё магчымае, каб я без асаблівых прыгод мог трапіць на маю Белую Русь жывы і здаровы.

Лютэр. Белая Русь… Чуў, чуў. Дзікі лясны край, цёмныя людзі… Гэта недзе паміж Польшчай і Масковіяй?..

Скарына. Дакладней, гэта па дарозе ад Чудскага возера да Грунвальда…

Лютэр (зразумеў намёк). Бачу, вы любіце геаграфію?..

Скарына. Не ведаючы геаграфіі, не спасцігнеш гісторыі… А калі не ведаць гісторыі, то многае дзікім здаецца…

Лютэр (каб перавесці гаворку). Дарэчы, чаму для сваёй вучонай дзейнасці вы абралі іменна Прагу, а не наш, скажам, слаўны Вітэнберг з яго ўніверсітэтам, які сваёй вучонасцю засланіў сёння славу і Падуі, і Сарбоны, не кажучы ўжо пра Карлаў універсітэт у Празе?..

Скарына. У Празе нас лепш разумеюць… Мовы ў нас блізкія…

Лютэр. Не любіце вы нас, немцаў, і, між іншым, дарэмна…

Скарына. Дасць Бог, мы вас яшчэ палюбім…

Лютэр. А пакуль?..

Скарына. Пакуль мы больш-менш паспяхова ад вас абараняемся.

Лютэр. А вы калючы, хоць і ў гасцях…

Скарына. Калі быць занадта сціплым, то ваша светласць можа падумаць… У нас такі старадаўні звычай: без запрашэння ў госці не хадзіць…

Лютэр (пасля паўзы). Мне б хацелася больш пачуць ад вас аб Празе, да якой, як вы самі пераканаліся, дакацілася хваля майго вучэння.

Скарына. Гэта сапраўды так. Не даўней як на тым тыдні я слухаў у Празе вашага земляка Томаса Мюнцэра. Яго прамова сабрала многія тысячы сялян і гарадской беднаты! Першыя словы Томаса выклікалі такі выбух у натоўпе, што здалося, скалануліся званіцы сабораў…

Лютэр (ускоквае з крэсла, крычыць амаль істэрычна). Сабака! Здраднік! Перахрышчэнец пачварны! Ён паганіць самую ідэю лютэранства! Ён дыскрэдытуе маё імя! Ён хоча падняць чэрнь, якая змяце ўсё святое з твару зямлі. Азвярэлыя мужыкі, аб’яднаўшыся ў камуны, знішчаць гарады, замкі, княжацкія маёнткі, яны, як саранча, з’ядуць усё, што трапіцца на іх шляху! Яны самога Бога…

Уваходзіць Эльза і падае Лютэру шклянку вады. Ён адпівае, супакойваецца, садзіцца ў крэсла. Эльза выходзіць.

Скарына. Даруйце, ваша светласць, я, відаць, не ўсё разумею ў вашай барацьбе супраць папскага прастола…

Лютэр (ціха, зморана). Не прыкідвайцеся прасцячком, доктар! Вы не можаце не ведаць, што сучасная царква — гэта цудоўна абсталяваны прытон. Ад апошняга служкі касцёла да Папы Рымскага — усе разбэсціліся і разбэсцілі паству. Храмы пусцеюць, на святах, у паломніцтвах служкі Хрыстовы п’янствуюць і распуснічаюць. У царкву ідуць, каб пакрасавацца ўбраннем і паглядзець на прыгожых жанчын. (Узрываецца.) Я разбуру лжывую прыгажосць веры! Я надам ёй канкрэтна-пачуццёвы выгляд! Я зраблю яе даступнай, дамашняй!

Скарына. У такім разе вам давядзецца праліць рэкі крыві…

Лютэр. Гэта мяне не спыніць! Калі спатрэбіцца, мяне не спыніць мора крыві!.. Погань, што падніме Мюнцэр супраць царквы і дзяржаўнасці, мы будзем біць, душыць, калоць, як шалёных сабак! Вы, русіны, любіце прымаўкі. У нас яны таксама ёсць. I я кідаю ў твар Мюнцэру: для грубага балвана патрабуецца і грубы клін. Я ствару ўласную інквізіцыю. Яна будзе выцягваць языкі з пашчы перахрышчэнцаў Мюнцэра і прыбіваць іх да шыбеніцы! Яна агнём і мячом вынішчыць плебейскі дух Мюнцэра!