Читать «На ростанях» онлайн - страница 11

Якуб Колас

— Ну, цяпер я вольны, можам ісці,— сказаў увайшоўшы Саханюк і падышоў да люстэрка, паглядзеўся, падправіў рыжаватыя вусы, правёў рукой па шчоках, ці добра пабрыты, і прычапіў больш франтаваты гальштук. Саханюк быў хлопец сухарлявы, досыць высокага росту, меў даволі прыгожы твар, але малавыразныя, жаўтавата-карыя вочы яго крыху псавалі. Таксама была ў яго яшчэ адна загана, загана вымаўлення: ён не мог сказаць чыста «р», а нейк скрадваў яго і казаў «й».

— Ты, Мат’ёна, калі я не п’іду, астаў абед на вячэ’ю.

Настаўнікі выйшлі.

— Куды ж наўперад пойдзем?

— А давайце пачнём па парадку, каб нікому не было крыўдна,— адказаў Лабановіч.

Зрабіўшы колькі крокаў, Лабановіч і Саханюк узышлі на ганак валаснога праўлення.

— Зойдзем да канцылярыі,— сказаў Лабановіч.— Заадно трэба ўзяць паперы і ўсе вучэбныя прылады.

Настаўнікі пераступілі парог і апынуліся на зборнай. Зборная была прасторная, як абора. На процілеглым яе канцы, на ўзвышшы, адгароджаным балясамі, стаяў вялізны стол, абіты зялёным сукном, а за сталом на шырокім крэсле засядаў сам пісар. Гэта быў ужо стары чалавек, з шырокай барадой, напалавіну сівою. Міна яго была незвычайна важная. Пазіраў ён крыху прыжмурыўшыся, як бы ён толькі што занюхаў табакі і збіраўся чхнуць. Нягледзячы на тое, што ў канцылярыі было цёпла, пісар сядзеў у валёнках, бо меў у нагах раматус, і на твары яго адбіваліся адзнакі хваравітасці і сляды калісь вясёлага жыцця і п’янства, у якім пісар не меў сабе роўных у воласці. З гарэлкай ён ніколі не разлучаўся. У канцылярыі, у шафе сярод «гражданских и уголовных дел», стаяла бутэлька з «царскімі слязьмі», як называлі тады гарэлку, да якой часта прыкладаўся Пятро Восіпавіч і ў часы сваіх заняткаў у воласці. Праўда, такіх часоў у яго было не так-та многа, і ён прыходзіў сюды ў выпадках рэдкіх і важных; усю ж работу па воласці вёў яго памочнік, Дубейка, які ўжо лічыўся кандыдатам на пісарскую пасаду. З гэтай прычыны Дубейка нёс сябе высока, насіў манішку і манкеты і лічыў сябе найпершым кавалерам; старанна прычэсаныя валасы і частае зазіранне ў люстэрка сведчылі аб тым, што і ў яго сэрцы засела завітанская паненка.

V

— Дазвольце пазнаёміць,— сказаў Саханюк, падводзячы калегу да пісара,— цельшынскі настаўнік.

— А! — прамовіў пісар, акінуўшы Лабановіча прыжмуранымі вачамі, і падаў яму руку.— Прасвяшчаць, значыць, прыехалі? — спытаў пісар, каб хоць што-небудзь сказаць, і яшчэ раз азірнуў Лабановіча.— Ну, ну, справа патрэбная,— важна заўважыў ён, пасля чаго перастаў цікавіцца Лабановічам, як чалавек практычны, які з першага погляду адгадаў, што для пісарскага дому карысць ад новага настаўніка невялікая.