Читать «На ростанях» онлайн - страница 19

Якуб Колас

Ужо колькі разоў паглядаў настаўнік на гадзіннік, думаючы, ці не пара яму ў школку.

Праўда, сёння толькі пачатак, толькі збор дзятвы; ён пакуль што азнаёміцца і зробіць запіс у журнал. Усё ж такі на сэрцы будзе спакайней: будуць зроблены хоць сталыя крокі да работы.

А дзеці, крыху асвойтаўшыся, пачыналі гусці смялей і весялей. Часамі чулася іх беганка па лаўках, смех і крыкі. Некаторыя ціхенечка падыходзілі да дзвярэй кватэры настаўніка і з найвялікшаю цікавасцю заглядалі ў шчылінкі. Таксама забягалі яны і ў кухню, нібыта напіцца вады.

Яны баязліва тапталіся, азіраліся, а некаторыя паціху пыталі ў бабкі:

— А што, бабка, ён сярдзіты?

I калі Лабановіч паказаўся ў кухні, яны, як мышы, загледзеўшы ката, кінуліся наўцёкі.

Старожка залілася вясёлым доўгім смехам: яе вельмі насмяшылі дзеці і іх страх перад настаўнікам. Яна пераказала Лабановічу, як распытвалі пра яго вучні, паціраючы свае вушы, як бы раней пагадзіўшыся з тым, што іх будуць круціць.

У школьнай зале вучняў было дзесяткі два. Як толькі з’явіўся там Лабановіч, яны завілі з усіх канцоў школы і цясней збіліся ў гурт, як спалоханыя авечкі, і ўжо адтуль пазіралі на свайго настаўніка, як на якое дзіва. Значна большая частка іх былі новыя. Усе вучні былі абуты ў лапці, насілі, як і старыя палешукі, суконныя світкі, чорныя або светлыя. Грудзіны, як і ў бацькоў, былі расхлістаны.

Настаўнік павітаўся, адказ на прывітанне далі колькі хлопчыкаў, якія ўжо вучыліся ў школцы.

— Што ж вас так мала? — спытаў іх Лабановіч.

— Яшчэ прыйдуць,— адказаў адзін са старэйшых.

— Заўтра будзе болей,— дадаў другі.

— А вы, дзеткі, яшчэ першы раз прыйшлі да школкі? — мякка прамовіў настаўнік да малых.

Тыя спусцілі вочы, і толькі адзін, самы храбры, прамовіў кароткае:

— Але.

VIII

Пагаварыўшы з вучнямі і крыху разагнаўшы іх страх, Лабановіч прынёс журнал і пачаў рабіць запіс. Дзеці смялей падыходзілі да свайго настаўніка і давалі адказы на яго пытанні. Пры гэтым часта выяўлялася прастэча і непасрэднасць дзіцячай істоты, якая вельмі развясельвала настаўніка і ўсю школу, выклікаючы цэлыя выбухі смеху.

— Скажы ж ты, галубок,— звярнуўся Лабановіч да аднаго хлопчыка, які падышоў запісвацца.— Як ты завешся?

Хлопчык маўчаў і пазіраў на настаўніка сваімі яснымі вочкамі. Відавочна, у гэтым запытанні яму пачулася штось падазронае: ці няма тут якое хітрасці, каб не падашукацца часамі? Запытанне, з яго погляду, было зусім нецікавае і непатрэбнае: хто ж не ведае, як ён завецца?

Але настаўнік не адступаўся і зноў запытаў, як яго зваць.

— Або ты не ведаеш? — у сваю чаргу спытаў хлопчык.

— Не, не ведаю, бо каб ведаў, то не пытаўся б.

— Ну, як жа? Іван, ды і ўсё! — прамовіў громка хлопчык з адценнем лёгкай усерджанасці.