Читать «Мы — хлопцы жывучыя» онлайн - страница 31

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Бабульчыны размовы з богам

Пагарэльцы, што зімавалі ў нашай хаце, дачакаўшыся цяпла, разышліся па сваіх пажарышчах, на свае агароды і пачалі капаць зямлянкі. Першымі рушылі старасельцы, а за імі суседка цётка Пекла са сваей неспакойнай, задзірыстай плоймай. Засталася толькі старая Міроніха — баба Гапа. Куды ей адной пры такіх гадах? Ды і пажарышча яе пад бокам — з акна ўсё чыста відаць: і комін, і абгарэлае шула, каля якога немцы застрэлілі дзеда Мірона, і падсечаная снарадам груша-спасаўка, за якую дзед усё збіраўся пачаставаць нас з Санькам крапівой.

Разышліся пагарэльцы — ціха стала ў хаце. Бабка вольна ўздыхнула: не раве і не гарцуе, не тлуміць галавы Пёкліна плойма, не сварацца жанчыны за гарачэйшае месца ў печы. Цяпер каля печы гаспадарыць адна Міроніха, а наша бабка пачала хадзіць на работу ў калгас. I хоць брыгадзірка нічога ёй не гаворыць, калі яна і прамінае калі, але старая ходзіць дзень пры дні. Яна баіцца, што без яе не засеюць поля, і тады народ паскача і пасвішча з голаду ў кулак. А разам з народам і мы. Гэта не жартачкі — гуляшчая зямля.

Хадзіць бабка ў калгас ходзіць, а свае працадні запісаць не ўмее. Яна зусім непісьменная. Ніводнага дня ў школе не вучылася. 3 яе расказаў мы ведалі, што не паспела яна адрасці ад зямлі, як пайшла да багацеяў на хлеб зарабляць. Вось і не можа цяпер ніводнай літары ні пісаць, ні прачытаць. Усё гэта ёй здаецца такой мудрасцю, ад якой можна вывіхнуць мазгі.

Нас з Санькам старая як мужчын і гаспадароў не ставіць і ў грош, затое лічыць найпершымі грамацеямі. Калі б мы жылі тады, як яна была маладая, во елі б хлеба са сваей вучонасці! Я быў бы не менш за валаснога пісара, браў бы з мужыкоў за пісьмо па рублю ці па кашу яек. А з таго, каму трэба скаргу напісаць або прашэнне якое, і зусім бы скуру лупіў.

— Баб, не лупіў бы!

— Калі б быў пісарам, лупіў бы,— упарта стаіць бабка на сваім.— Яны ўсе лупілі.

Так думае старая пра мяне, а пра Саньку яшчэ лепш. Той бы, мабыць, вывучыўся на папа ці на асэсара. У яго галава лепей за маю варыць.

Ніводнай літары бабка не ведае, а лічыць умее і на пальцах, і ў галаве. Яна сама вядзе ўлік сваіх працадзён. Вярнуўшыся з работы, яна дастае з-за абразоў кавалак шпалераў і, схіліўшы набок галаву, нешта старанна малюе зломкам алоўка, а потым зноў хавае свае пісанне за іконы. Тых запісаў ніхто не можа прачытаць, апрача яе самой.

А потым і я разведаў сакрэты бабчынага тайнапісу. Сакрэты гэтыя нескладаныя: вялікая палка — працадзень, меншая — палова працадня, а зусім маленькая — чвэртка. Спачатку бабка лічыць цэлыя палкі, потым складвае палавіны і чвэрткі. I выходзіць у яе болып дакладна, чым у нашай брыгадзіркі.

Але запісы запісамі, толькі бабуля, відаць, болей спадзяецца на сваю памяць. Аднойчы, каб даказаць старой карысць пісьменнасці, я знайшоў за іконай яе запісы і сцёр адзін працадзень. Цікава, што яна будзе рабіць: заўважыць недастачу ці не? Калі не заўважыць, то ўжо так і быць — скажу.