Читать «Млын на Сініх Вірах» онлайн - страница 8
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
Злодзей. Мы просім у вас увагі, толькі пяць хвілін увагі. Як гэта кажуць, мы не затрымаем вас на час большы, чым трэба на тое, каб узламаць добры сейф.
Каляда. Як бачыце, сейф тут адчынены. Турма зараз не функцыяніруе.
Злодзей. Фі, турма! У мяне ад гэтага слова пабольвае сэрца. Ад такіх недалікатных слоў. Дазвольце звярнуцца да вас хоць аднойчы як сумленным людзям. Ведайце, што і ў бандзюкоў ёсць чуллівае, чулае, уразлівае сэрца. Слухайце, савецкая ўлада нам была як мама родная. Яна лупцавала нас і ставіла ў кут, але бывала, што мы раскайваліся – і яна карміла нас пернікамі. Паслухайце, – хто б тут пакрыўдзіўся? – некалькі месяцаў турмы гэта ж глупства. А немцы, кажуць, будуць расстрэльваць. Гэта ж ціхі жах, гэта антыгуманна. Вы ведаеце, тут грабілі склады. Мы падумалі, што гэты грэх таксама ўпадзе на нашы бедныя галовы. Гэта ж ганьба, калі такое думаюць пра сумленных зладзеяў. I што сказалі б нашы бедныя мамы на тым свеце? Яны б перавярнуліся ў труне. I мы сказалі: “Ша!” Мы сказалі: “Хопіць”. Мы спаймалі аднаго з гэтых бандзюкоў (якое шчасце, што гэта зусім не прафесіянальны злодзей. I ніхто не кіне такі дакор сапраўднаму злодзею, ніхто не запэцкае яго добрае імя), мы ўзялі яго і даставілі вам. А склады мы запалілі, усё адно іх не вывезеш ужо.
Каляда
Злодзей. Ведаеце, аднойчы былі ў вёсцы перавыбары старшыні. Калі перавыбралі, устаў вясковы злодзей і папрасіў, каб перавыбралі і яго. Ён сказаў: “Я ўкраду кавалак сала – кажуць, што я ўкраў дзежку. Я ўкраду пуд дзерці – скажуць, што я ўкраў мех крупчаткі. Перавыбірайце”. Ведайце, нам было б вельмі прыкра, каб з-за гэтага булахоўца і пагромшчыка, з-за гэтае контры наша імя зазнала б ганьбу.
Каляда. Добра, Дзякую вам... таварышы.
Трубайла
Каляда. Чаму вы рабавалі?
Трубайла. Чалавек, род якога прыгадваецца ў Гарадзельскім прывілеі, не будзе адказваць хаму.
Каляда. Ну й дапатопная істота! А што, Гарадзельскі прывілей даў вам прывілею і крамы рабаваць таксама?
Трубайла. Гэта вы нас зрабілі зладзеямі.
Злодзей. Ша, паклёпнік!
Трубайла. Вы зрабілі нас рабаўнікамі. Дзе мае пяцьдзесят валок? Дзе маёнтак дзедзіч маіх?
Каляда. Значыцца, пяцьдзесят валок было? Ну, тады ў вас па рабаванню досыць даўняя практыка.
Трубайла. Жартуеш, пшэклёнта халера? Нядоўга вам жартаваць. Хутка вас – варам, як непатрэбных шчанюкоў... За наш край!
Каляда. I яшчэ, напэўна, за беларуса сябе лічыць. Беларусы сваёй мовай размаўляюць. I яны не рабуюць, яны зараз па лясах. Табе і азёрны твой край толькі тады патрэбны і добры быў, калі на тваіх валоках пейзане ў стракатых анучках жыта жалі.
Злодзей. I што рабіць з гэтым дэгенератам, скажыце, добрыя людзі?
Каляда. Вызавіце чалавека з варты. Няма чаго з ім валаводзіцца, расстраляць
Віктар