Читать «Млын на Сініх Вірах» онлайн - страница 10
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
Голас. Таварышы!.. Таварышы!.. Без панікі... Пакідайце кватэры... Пакідайце. Горад гіне... Гіне наш горад. Жывіце ў барацьбе, жывіце ў славе.
Паўза.
Хай жывуць Саветы!
Паўза. Пасля адрывіста, хрыпла.
Хай жыве Беларусь!
Заслона
Карціна другая
Млын на Сініх Вірах. Звініцкія пушчы. Цёплы жнівеньскі дзень ружавее над пушчаю. На пярэднім плане, справа, ціхі поплаў, пакрыты вільготнай зялёнай травой. Амаль на сярэдзіне сцэны некалькі густых кустоў здзічэлага бэзу. Яшчэ лявей таўшчэзны дуб-волат, лісце якога звісае над поплавам, утвараючы зялёны паўзмрок. Дуб вельмі стары, вялікае дупло ззяе ў яго ствале. Пад дубам старая, тоўстая, далоні ў тры, лава, на чурбаках, укапаных у зямлю. Тут жа каменны будынак, дзверы яго адчынены, маленькае акенца забрана кратамі. Віецца сцежка ў глыб сцэны, да млына. За поплавам увесь другі план злева займае рачулка, якая разлілася тут даволі вялікім стаўком і блішчыць пад сонцам. Люстра яе зарасло лотаццю, кугой, дзе-нідзе бялеюць ля берагоў лілеі. Ставок перагарадзіла ўдалечыні зялёная грэбля. Над ёю, справа, бачны шэры будынак млына. За стаўком – густыя кусты каліны над вадою, далей – палоса падлеску, у якім яшчэ стаяць руіны старой карчмы. А далей густыя, цяністыя, зялёныя шаты лясоў. Неба амаль нямое над імі. Зялёна, вільготна. Спяваюць птушкі, даносіцца далёкі гоман млынавага кола. I цішыня толькі падкрэсліваецца гэтым, цішыня стаіць такая, што звініць у вушах. Марыся на траве сядзіць і зашывае нешта, мармыча сабе паднос і зрэдку запявае ўголас:
“Як табе, рачушка, без крутых беражкоў, Так і мне, дзяўчыначцы, без любага дружка”. Віктар (асцярожна падыходзіць, ціха). Марыська!
Марыся. Віктар, даражэнькі. Ой, якая я шчаслівая. Мне так цяжка бывае, калі ты ідзеш. Усё мне здаецца, што ты ўжо недзе схоплены, забіты.
Віктар. Ну кінь, кінь. Я не з тых, што лёгка даюцца ў рукі.
Марыся. Я ведаю. Але ўсё адно баюся.
Віктар. Нічога, Марыська. Не дзеля сябе аспрэчваем смерць, а дзеля тых, што ўладараць над нашым сэрцам, нельга ж прымірыцца з тым, што яны загінуць. Нічога, у апошняй бойцы перамогуць каханне і любоў.
Марыся. Нейкі ты дзіўны сёння, Віця... Ты лепей раскажы, што ў горадзе?
Віктар. Ат, месяц як там немцы і месяц як там робіцца няведама што. Думаеш, усе тыя, што крычалі пра перамогу, і зараз крычаць. Сядзяць, як бараны, па хатах... паразмаўляем пра іншае, Марыся.
Марыся. Што ты?
Віктар. Я не ведаю, што са мною робіцца, не магу гэтага растлумачыць. Уся мая энергія перайшла да кагосьці іншага, ніяк не магу пазбегнуць адчування пустаты. Нішто мне не лезе ў галаву, акрамя аднаго, і гэта адно ўсю маю душу запаланіла. Не то я, што раней, іншым уяўляю сабе свет. Балюча мне, але самы боль мне вялікі – радасць і таямніца. Ты мяне не разумееш?
Марыся. Не.
Віктар. Ну дык вось (бярэ яе галаву ў далоні, цалуе). Вось і ўсё. I можаш зараз рабіць са мною што хочаш. Усяго сябе, з усёй душой аддаю. I якая мне справа да ўсяго, калі ты са мною, лепшая мая. Усё гэта сон, гэтыя спрэчкі, бойкі. Шкода, што праходзіць маладосць пад гэты надакучлівы акампанемент. А ты мяне кахаеш?