Читать «Млын на Сініх Вірах» онлайн - страница 6
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
Цыкмун Пятровіч, пачакайце. Вось што, патрэбна, каб нехта меў сувязь асабіста з вамі на той выпадак, калі ў гэтых небяспечных Чарнабогах з’явяцца немцы. Можа, там трэба кагось пасяліць, скажам, пад выглядам бежанкі, жанчыну якую-небудзь?
Асінскі. Пасяляць там нікога не трэба. Там у мяне жыве сваячка, Тэкля Каваль. Я і то збіраўся спытаць, ці нельга, каб яна калі-нікалі прадуктаў падкінула. Дый небяспека ад немцаў з гэтага боку вялікая.
Каляда. А вы за яе можаце паручыцца?
Асінскі. Вы давяраеце мне – давярайце і ёй. I выйці з вёскі яна можа так, што ніхто не заўважыць. Дый прафесія ў яе такая, патрабуе бадзянняў у лесе.
Каляда. Чакайце, Тэкля, Тэкля Каваль? Нешта знаёмае.
Асінскі. Гэта тая... ну... “вядзьмарка”.
Каляда
Асінскі. Дарэмна вы так. Недарэчны смех. Яна не замовамі лечыць, яна адмыслова ведае травы. I ўрэшце
Каляда. Ну, дарэмна гэта вы так, ён яшчэ малады, ён як малады хорт: гоніцца за ваўком, абгоніць зграю і не ведае, што ваўку раз кляцнуць зубамі і – гамон яму.
Асінскі. А вы занадта добры. Зараз ён малады яшчэ, пасля, калі будзе сталы, на неўраўнаважанасць будзеце спасылацца, а пасля: “Ды ён жа стары, яму дараваць трэба”. Андрэй лепшы – яго раскалыхаць, дык трэба пяць чалавек, як той брацкі Звон у Магілёве, але ён верны, сумленны чалавек, не фіцюлька. Добры вы чалавек, таварыш Каляда, але не да тых, да каго трэба. Што Тэклі было рабіць з дачкой ды з немаўляткам-сынам? Ну і пачала лячыць, балазе маці яе і бабуля першымі траўніцамі былі. Дасць добрую траву – нашы людзі лаяцца пачнуць: “Ты б хоць сказала нешта”. Цемра! Ну яна і пачала шаптаць. Вось вы, як кажуць, аж дзве кнігі калісьці напісалі, а ці ведаеце вы, што аптэка ад іншых хвароб не так добра лечыць, як гэта Тэкля. Не паважаюць урачы траў, а, між іншым, аптэкі не заўсёды былі, і ў аптэках валяр’ян, канвалія, маліна, ліпавы цвет ляжаць. А колькі яшчэ невядомых траў? Вы б вось спыталіся, як яна мёдам ды зязюльнікам язву страўніка ў вашага бухгалтара вылечыла? Альбо як звычайнай ясноткай лячыла ад слабасці, альбо як падтыннікам ад воўчага мяса лячыла людзей, маладым дзяўчатам прыгажосць вяртала. Цяпер яна і шаптаць кінула, – людзі не тыя, дый сын дапамагае.
Каляда. Што гэта ты, бацюхна, так разбушаваўся?
Асінскі. А таго, што сам гадоў дзесяць таму нешта вельмі лёгка пачаў співацца. Вып’ю чарку – і з капытоў. Перад сябрамі сорамна. Ну, Тэкля адшукала траўку. Апетыт да гэтай справы загубіў, але выпіць магу добра. Так што мне мой мужчынскі гонар не дазваляе, каб яе лаялі. Не тараканаў дае, не з вугаля брызгае – лечыць чыстай, сумленнай травой.