Читать «Млын на Сініх Вірах» онлайн - страница 38

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Швальбе. Хто яшчэ?

Андрэй. Можа, жонка мая? Але яна нікуды не хадзіла, з самага ранку тут.

Швальбе. О-о! (Рыўцом саджае Марысю на ложак і глядзіць на падэшвы.) М-м, не, падэшвы сухія. А ва ўрочышчы мокра. Не, не яна.

Андрэй. Пан, не чапайце яе. Напэўна, вам было б непрыемна, калі б так паводзіліся з вашай жонкаю.

Швальбе. Ого! Шчасце ваша, што ў вас добрая біяграфія і рэкамендацыі. Хто тут быў яшчэ?

Андрэй. Я не бачыў. Праўда, тут праходзіў чалавек, але ён павярнуў берагам, па той бок грэблі. А больш нічога не бачыў.

Швальбе. Абшукаць.

Салдаты абшукваюць млын і сцягваюць з гары Віктара.

А гэта хто? Хто гэта?

Андрэй. Я думаў, што пан камендант ведае. Гэта наш падсыпка, ён ужо два тыдні, як тут. I маёр Ранцоў гэта ведае, ён яго бачыў.

Ранцоў. Так. Мне здаецца, Швальбе, што вы заблыталіся. Трэба хутчэй гнацца за тым чалавекам.

Андрэй (паціху). Цяпер не дагоніце.

Стрэлы. Убягае салдат.

Салдат. Гер маёр, там чалавек на гаці напароўся на нашых. Адстрэльваецца і паціху адпаўзае багнішчам.

Ранцоў і Адлерберг з салдатам выбягаюць.

Швальбе. Та-ак. Але я бачу, што ў гэтага падсыпкі бегаюць вочы.

Ільзенвельдэ. Пакіньце, Швальбе. Ранцоў жа сказаў.

Швальбе (ціха.) Нічога, гаўптман. Я трошкі разбіраюся ў людзях, я сам бачу, хто ён, але пара ляпасаў не пашкодзіць. Калі не, мы кінем яго і пойдзем за тым. Нічога страшнага... (Уголас.) Да таго ж, глядзіце, мокрыя ногі.

Марыся (пра сябе). Божа, забыў зняць боты.

Андрэй маўчыць.

Швальбе. Фрыц, дапамагай, расцягнем яго трошкі.

Пачынаюць збіваць Сміхальскага.

Марыся (даволі голасна). Віця, любы, дарагі. Трымайся! Мацуйся! Я хацела, каб ты кінуў гаварыць тыя словы. Каханы мой! Трымайся!

Віктара б’юць, потым кінулі. Сміхальскі акрываўлены, вопратка парваная.

Швальбе. Нун, падсыпка. Куды хадзіў? Хто гэты чалавек? Можа, ведаеш?

Віктар (імкнучыся трымацца з годнасцю). Я бачу, ад вас нічога не схаваеш. Якая карысць маўчаць? Усё адно рана ці позна. Дык лепей рана, не будзеш потым інвалідам. Я ведаю, хто гэты чалавек, і ведаю пра ролю гэтых людзей, што стаяць тут.

Стрэлы здалёк.

Швальбе. Глядзіце, гаўптман, нечакана пашанцавала. А я збіраўся на гэтым і скончыць. Дзіўна, першы раз бачу, што нехта з іх загаварыў. Ну кажы.

Віктар. Той чалавек, што ўцёк, гэта старшыня гарвыканкома Каляда, памочнік вядомага Дубоўскага, зараз кіруе асобным атрадам, а гэта сын Дубоўскага-Лаўрановіча, а тая – гэта яго жонка. Яны працавалі ў млыне ўвесь час партызаншчыны.

Швальбе. О-о! Цікава!

Марыся. Віктар! Віця! Што ты робіш! Ві...

Андрэй. Пакінь яго, не трэба... Здраднік.

Віктар. А вы сляпыя краты, эмбрыёны.

Андрэй. Ты быў камсамольскім важаком. Відаць, такія, як ты, толькі ў гадзіну шчасця ідуць за Камунай. Здраднік!

Віктар. Я вышэй за вас, я вышэй і за такую абстракцыю, як здрада. Я казаў, што вы пашкадуеце.

Марыся (непаразумела). Я ж цябе каха... (Рэзка.) Я цябе ненавіджу!

Увайшоў Адлерберг.

Адлерберг. Пфе, Швальбе, што гэта ў вас за мясная крама? Памыйце рукі.

Швальбе. Цягніце сюды арыштаванага!

Адлерберг. Арыштаванага? Прабачце, зараз сюды прыцягнуць Ранцоў і чатырох салдат. Ён скакаў па балоту, як конік, і страляў, як Матэо Фальканэ. Павіншуйце мяне, я жывы, і ён таксама жывы.