Читать «Млын на Сініх Вірах» онлайн - страница 36
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
Віктар. Чамусьці ты мяне нават не пацалуеш.
Марыся. Часу няма. I капрызы твае мне апрыкралі.
Віктар. Я сёння не буду. Я хачу спытаць: ты мяне кахаеш?
Марыся. Ну, кахаю.
Віктар. Тады ты павінна пайсці са мною, тут небяспечна. Мне апрыкраў твой фіктыўны шлюб, гэты дурань, які жыве тут. Кінем усё гэта. Зямля ўся крывёю залілася, нашы на поўдні бягуць. Планета звар’яцела, усё гіне. Пойдзем проста ў лес і там, у нетрах, збудуем хату. Няхай б’юцца, няхай глоткі грызуць – што нам да гэтага залітага крывёю, знявечанага сметніка. I не торкай мне, як панацэю ад усіх няшчасцяў, свой народ. Я кажу, зямля звар’яцела. Разумныя павінны пайсці ад вар’ятаў.
Марыся. Ведаеш, мне здаецца, што ты тады, падчас замаху на Трубайлу, не дарэмна захварэў. Мужны такога не скажа, ён застанецца апошнім і будзе біцца, бо пакуль існуе і б’ецца ён – існуе гонар яго народа.
Віктар. Ты... Ты... Разумееш, што ты такое сказала?!! Ты думаеш ці не? Я па-ранейшаму да Дзюбкі хаджу, я аціраюся тут, хаця тут, на млыне, часта бываюць Швальбе, Ільзенвельдэ, Ранцоў, хаця тут іхніх дзотаў, як грыбоў. I ты мне кідаеш такі дакор!
Марыся
Віктар. Та-ак, бачу да чаго яно хіліцца.
Марыся. Не плявузгай! Сам вінаваты. Мог бы пашкадаваць хоць раз тое, што, як святыню, насіла ў сэрцы, – каханне да цябе. Не пашкадаваў. Ты заўсёды быў жорсткі, як маланка. I вось, здаецца, прытупілася каханне маё. Падумай, Віця, дарагі мой, падумай, да чаго ты ідзеш, пашкадуй хаця мяне, калі сябе не хочаш!
Пацалуй мяне. Можа, хоць тады растане сэрца тваё.
Віктар. Прабач, мне здаецца, што ты памылілася, я не льдзіна. Я і адзін пражыву. Але думаю, што ты яшчэ пашкадуеш. Я зраблю так, што ты пашкадуеш. Шчасця з ім не зведаць табе.