Читать «Млын на Сініх Вірах» онлайн - страница 24
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
Ціха.
Не дзейнічае чамусьці. Пэўна, стары багун адмовіўся. Ну, што ж, калі пачала ўжо, дык рабі да канца. Знойдзецца і іншае (пайшла да печкі).
Поўны болю і жаху жудасны крык з-за занавескі.
Пачалося! Пачалося! Нічога, нічога, гэта спачатку. Праз хвіліну і крычаць ты не зможаш. (Зноў крык.) Узяло, узяло вас за пячонкі, Нічога. Здохнеце, скавытаць будзеце. Будзе вам і за кабылу, і за гуску, і за цярпенне маё, і за ўсіх нашых людзей. (Крык, але слабейшы.) Нічога, нічога. Ніхто не пачуе. Аканіцы, аканіцы я зачыніла.
Яна вырастае, стае жахлівай, распластала на белым фоне печкі рукі, як раскрыжаваная, як вялікая драпежная птушка. Кідаюцца, мітусяцца па бэльках вялікія цені.
Мітусіцеся, мітусіцеся. Мала вам часу засталося. Мала.
За занавескаю роў, потым толькі стогны. Штаркенфауст апошнім намаганнем падае галавою з-за занавескі. Тэкля хутка кідаецца да яго, штурхае назад. За занавескаю, што адхілілася на хвіліну, бачны Ламсдорф, ужо нерухомы, галавою на стале. Эверт прыгнуўся, быццам яго ванітуе. Потым занавеска падае.
Штаркенфауст (за занавескаю). Праклятая баба...
Тэкля. Ну вось, здаецца, і ўсё. Пайсці зараз? Не, можа, яны яшчэ жывыя, скажуць яшчэ.
Уваходзіць маёр Ранцоў. Хоча ісці ў пакой.
Маёр!..
Ранцоў. Што трэба?
Тэкля. Ведаеце што... ведаеце што... мне трэба вам адкрыць нешта вельмі цікавае. Сёння я чула цікавае для вас. Два чалавекі размаўлялі пра партызан, быццам яны пайшлі з Звініцкай пушчы.
Слабы стогн з-за занавескі, Ранцоў прыслухаўся.
Мала таго, кажуць пра тое, што непадалёк ад лясніцтва... ну, словам, знішчылі нейкі нямецкі атрад і... быццам прарваліся на захад.
Ранцоў. Глупства вярзеш, кабета. Плёткі пераносіш.
Тэкля. Можа, і плёткі, я жанчына цёмная, непісьменная. Дый наогул, народ у Чарнабогаў такі: жывём у лесе, молімся лазоваму кусту.
Яна яшчэ доўга загаварвала Ранцову зубы, але ў гэты час нешта грымнула за занавескаю, Ранцоў, западозрыўшы нешта, зрывае занавеску. На гэты раз за ёю ўсе нерухомыя. Толькі адзін Штаркенфауст паўзе на жываце павольна-павольна.
Ранцоў. Штаркенфауст, што з вамі? (Бяжыць і адчыняе нагою дзверы.) Доктара сюды! Хутчэй! (Вяртаецца.) Маёр, маёр, што з вамі, што? Трымай яго, баба, я яму гарэлкі ўвалью.