Читать «Млын на Сініх Вірах» онлайн - страница 12

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Віктар. Гэта ўсё ўжо ўстарэла, пяцьдзесят год як стала глупствам.

Марыся. Віця, пакінь, пакінь зараз жа. Гэтага ты не смееш чапаць. Я ведаю, ты жартуеш, але з гэтым – і зараз – не жартуюць. Гэтага я не дазволю... нават табе.

Віктар. Так, я сапраўды пажартаваў, дрэнна пажартаваў (да Марысі, ціха). Даруй мне за гэта, любая.

Марыся. Чакай мяне, любы.

Віктар. Чакаць? Ну да, як жа... чакаць. Я вельмі кахаю цябе. Я буду чакаць... Але бывай. Бывайце, Цыкмун Пятровіч!!!

Асінскі не адказвае, Віктар выходзіць. Некаторы час ціха, толькі чуваць кумканне жаб. Потым з’яўляецца Андрэй, перапэцканы мукою, пасталелы.

Андрэй. Цыкмун Пятровіч, я спыніў працу. Малоць няма чаго.

Цыкмун. Ну што ж, на сягоння пашабашым. Ты еў хаця што-небудзь, сынок?

Андрэй. Нічога, я зараз пайду, мне трэба наведацца ў Чарнабогі. Нешта зноў рука баліць.

Цыкмун. Казаў табе, не цягай такія мяхі. Гэтак няцяжка і грыжу зарабіць. Адпачывай. На млыне я дараблю.

Цыкмун выходзіць. Андрэй і Марыся сядзяць, апусціўшы вочы.

Андрэй. Што з табою, Марыся. Мне балюча глядзець на цябе. Нейкая ты сумная, як асенні дзень. Ці не магу я табе дапамагчы чым?

Марыся. Не, Андрэй, тут і ты мне не дапаможаш. Смутна ў будучым. Але дзякую, ты добры друг. З табою дзяўчыне спакойна і не страшна.

Андрэй. Сумны камплімент. Я б жадаў, каб табе са мною не было спакойна. А страшна? Няхай іншыя страх выклікаюць, я чалавек просты.

Марыся. Мне заўсёды добра з табою, Андрэйка. Ты добры. Але ад сапраўднага чалавека, ад Георгія-перамаганосца мала ў табе ёсць чаго.

Андрэй. З табою... з табою быць грозным, гордым? Нельга ж так.

Марыся. Аднак вось па Віктару адразу можна бачыць, што гэта за чалавек. Нязломны, сумленны.

Андрэй. Ат, Віктар. Што пра яго казаць. Не варта.

Марыся. Чаму ты яго не любіш? Гэта несумленна. Ён ніколі дрэнна пра цябе не кажа. А гэта дрэнны спосаб спадабацца мне: лаяць таго, хто мне дарагі. За што ты яго?

Андрэй. Я кахаю цябе... Я так кахаю цябе, што дыхаць не магу, няміла мне ўсё без цябе, жыцця няма.

Марыся. Андрэй, дарагі, не пакутуй... Дарагі ты мой, стары сябра мой. Можа, усё было б іначай, каб я не сустрэла яго, лепшага чалавека на свеце. Ён верны, ён верна будзе кахаць мяне. Мы вырашылі пажаніцца, як толькі скончыцца вайна. Табе цяжка, але такое лепей ведаць адразу. Не сумуй толькі, сябра. Не трэба.

Андрэй. Мне абы толькі ты шчаслівай была, здаровай, вясёлай. Я, вядома, бервяно, куды мне да такой, як ты. Але я цябе кахаю, я не вытрымаю, калі з табою здарыцца што. Таму я не магу крывіць душою. Іншы, можа, маўчаў бы, каб на яго не думалі, што ён гэта з нізкіх пачуццяў, з рэўнасці, з зайздрасці. Але па мне хоць бы хто быў, толькі не ён. Не люблю яго. Несур’ёзны ён. Сэрцам адчуваю – дрэнны ён.