Читать «Меч Рагвалода» онлайн - страница 15

Алесь Петрашкевіч

Папы ды княскія дружыны найперш вешчуноў нішчаць — найразумнейшых людзей, каму вядома, што было і што будзе на зямлі пад Сонцам. Загінуць вешчуны, згіне і памяць людская пра саміх сябе. А што мы без памяці? Авечкі Хрыстовы, быдла бязмоўнае. Як зразумець, як прыняць словы новага бога: «Я знішчу мудрасць мудрацоў і розум разумных адкіну. Каб вера ваша была не ў мудрасці чалавечай, а ў сіле Божай»?

Не магу зразумець, чаму папам і новаму богу не даспадобы нашы святыні і нашы продкі. Чаму хрысціцелі ідуць не толькі з крыжам, але і з сякерай ды мячом! Ідуць па чужой ім зямлі з невядомым богам і чужой мовай. Па якім праве нішчаць нашых багоў і нашых людзей?! Чаму старых багоў трэба называць «ідаламі акаяннымі», заносіць у д’ябальскія кнігі і клясці, як д’яблаў?! Сустрэча з папом стала прыкметай бяды і няшчасця.

Тысячагоддзямі мы жылі са сваімі багамі. I нікому не шкодзілі нашы купальскія, калядныя ці жніўныя песні. А што дрэннага ці шкоднага ў гуканні вясны, у праводзінах зімы, у галашэннях па нябожчыку, каб душы іх не помсцілі родзічам? Каму дрэнна ад таго, што людзі прымаюць зоркі на небе, як знакі жывых душ? Дзіця нараджаецца, і Сварог запальвае зорку; чалавек памірае, і бог Зніч яго зорку гасіць. Ці ж можна забараніць душам дзядоў прыходзіць да сваіх нашчадкаў? Ці ж можна забараніць пеўню будзіць Сонца і прыносіць людзям святло, а зязюлі адлічваць нашы гады?

Нас пачынаюць прывучаць да пакоры і боязі. Але пагадзіцеся, што гэта не для крывічоў, дрыгавічоў ды радзімічаў. Мы ж ад нараджэння вольныя, хоць ты, князь, хоць ты, смерд! За ўціскам і цярпеннем — бунт, адплата. Скажыце мне, чаму папы маўчаць пра тое, што Хрыстос загінуў за людзей, а не за ўладарцаў накшталт кіеўскіх князёў. I, можа, ты, князь Усяслаў Чарадзей, скажаш мне, навошта пабудаваў Сафію ў Полацку? Не можаш жа ты не ведаць пра новую і старую веру таго, што я пра іх ведаю.

Усяслаў. На грэцкай мове Сафія — гэта Мудрасць, Веды, Майстэрства. Без гэтага не можа існаваць самастойна і незалежна дзяржава. А будуючы Сафію, я менш за ўсё кіраваўся пачуццямі веры ў пэўных багоў ці Бога. Мне люба вера дзядоў, але ж сёння ўжо нельга абысціся без мудрасці, ведаў і майстэрства. Нашы пісьмёны-насечкі — учарашні дзень. Яны не выведуць нас да мудрасці, не дадуць нам ведаў і майстэрства. Яраславічы з’ядналіся супраць нас на грунце новай веры і новага бога. Узвёўшы сабор у Полацку, я ўраўняў маю дзяржаву з Ноўгарадам і Кіевам, не кажучы пра іншыя княствы. Цяпер вайна супраць нас — гэта вайна супраць новага бога, супраць адзінаверцаў. Яны не змогуць не лічыцца з гэтым.

Рагвалод-Барыс (іранічна). З гэтае прычыны ты і абрабаваў наўгародскую Сафію, а званы яе павесіў у Сафіі полацкай?..

Усяслаў. Я адпомсціў Рурыкавічам і Ноўгараду за разбураны Полацк і спробу знішчыць дынастыю Рагвалода. З гэтай нагоды я і табе надаў імя прапрапрадзеда. А што да званоў, то якая новаму богу розніца, у чыёй Сафіі яны званіць будуць. Галоўнае, каб званілі і каб звон іх ва ўсіх княствах рускіх чуваць быў. А Ноўгарад бы ведаў, што ён падначалены Полацку.