Читать «Меч Рагвалода» онлайн - страница 11

Алесь Петрашкевіч

Феадосій (паднімаецца з каленяў). Дзверы адчынены, ды сэрца зачынена. Таму і шкадую, што не ў час пастукаўся…

Iзяслаў. Любы ойча, я праўду табе скажу: калі б паведамілі, што бацька мой уваскрос з памерлых, і то б не так узрадаваўся, як радуюся тваім прыходам. I не так я баяўся бацькі і засмучаўся перад ім, як перад тваёй чыстай душою.

Феадосій (крыху іранічна). Калі ўжо так баішся і засмучаешся перада мною, то…

Святаслаў (вельмі сурова). Мне здаецца, што ігумен занадта настойлівы перад вялікім князем?!

Усевалад. I час выбраў зусім не той…

Феадосій. Даруйце, што не ў час пераступіў парог ваш… як і вы, слаўныя князі, пераступілі чэснае крыжацалаванне.

Iзяслаў (надзіва пакорліва). Што ж цяпер ужо рабіць…

Феадосій. У малітвах патрэбна берагчы сябе ад спакус д’ябла. Абавязак мой — павучаць грэшных аб выратаванні душ сваіх перад судом Божым… Усё вам можна, ды не ўсё на карысць; усё вам можна, але нішто не павінна валодаць вамі.

З’яўляецца ваявода Каснячка.

Каснячка (да Ізяслава, стаўшы на калена і зняўшы шлем). Князь мой любы, ганец з Полацка прывёз горкую вестку…

У прадчуванні страшнай бяды ўстаюць з-за стала Яраславічы.

Палачаны атруцілі князя Мсціслава…

Князі ў здранцвенні.

Феадосій (хрысціцца і прамаўляе). Святы Божа, Святы Крэпкі, Святы Бессмяротны, памілуй нас. (Хрысціцца.)

Сцэна паволі зацямняецца.

Дзея другая

IV

Поруб — месца ўтрымання нявольнікаў. Драўляны зруб з магутных дубовых бярвенняў памерам паўтара на паўтара метра і вышынёй 170 сантыметраў. Без дзвярэй, дах з накату, нявялікае вузкае акенца, праз якое можна падаць ежу вязням. У порубе на саломе ў беднай і бруднай вопратцы размясціліся князь Усяслаў з Рагвалодам-Барысам і Глебам. Княжычы спяць, прымасціўшыся каля бацькі. Усяслаў сядзіць, прыхінуўшыся спінаю да сцяны. Малыя памеры поруба не дазваляюць яму ні легчы, ні стаць на поўны рост. З’яўляецца прывід князя полацкага Рагвалода.

Усяслаў (не глядзіць на Рагвалода). Ты мяне яшчэ памятаеш, князь Рагвалод?

Рагвалод. Гэта ты мяне ўспомніў, князе Усяслаў.

Усяслаў. Як не ўспомніць. Дзяды сёння…

Рагвалод. Вось я і прыйшоў… Іншыя не прыйдуць. Іншым — сорамна, бо падбілі цябе на дурное.

Усяслаў. Зла не трымаю, бо свой розум павінен быў мець… Дажыўся князь Усяслаў — нечым душу прапрадзеда прывітаць-пачаставаць.

Рагвалод. Прывітай-пачастуй успамінам, добрым словам, як прашчуры тое рабілі.

Усяслаў. Усё роўна не даруеш…

Рагвалод. Не аб сабе клапаціся, пра дзяржаву думай. Ты яе асіраціў-абезгаловіў. Сам, па сваёй дурноце паклаў галаву на плаху, і не толькі сваю…

Глеб нешта гаворыць праз сон.

Усяслаў. Што цяпер гаварыць. (Кладзе галаву Глеба сабе на калені, кранае лоб, слухае дыханне, непакоіцца.)

Рагвалод. Гаварыць сапраўды няма пра што. А памятаць варта было б. З Рурыкавічамі маеш справу. Перш чым закалоць мяне, Уладзімір Святаслававіч на нашых вачах пры ваяводзе Дабрыні і дружынніках сваіх згвалціў дачушку маю Рагнеду, а потым і сыночкаў маіх загубіў. Горад разбурыў дашчэнту, мужчын перабіў, жанчын на шчыт узяў, Рагнеду ў Кіеў звёз.

Усяслаў. Хто пра тое не ведае…