Читать «Мах і Шэбестава вандруюць па свеце» онлайн - страница 15

Мілаш Мацоўрак

А тым часам як Шэбестава скакала, Мах сядзеў у кішэні і аглядаў наваколле: сярод галін эўкаліптаў ён заўважаў смешных мядзведзікаў каалаў, а паабапал дарогі бачыў цэлыя хмары дзікіх трусоў; раптам ён падняў нос, прынюхаўся і весела забрахаў: «Шэбестава, я адчуваю Джанатана, яшчэ кіламетраў пяць, і мы на месцы», — а Шэбестава, у якой ад скокаў ужо балелі ногі, падумала: «Ну, дзякуй богу», — але ж якраз у той момант сталася нешта жахлівае, чаго ніхто не чакаў: Шэбестава атрымала страшэнны ўдар палкай па галаве, упала ў траву і не варушылася, а Мах да смерці перапалохаўся і падумаў: «Як жа так, няўжо Шэбеставай канец?»

А тая палка, што ўдарыла Шэбеставу, была ніякая не палка, а бумеранг — паляўнічая прылада аўстралійскіх абарыгенаў, і два такія абарыгены якраз падбягалі да Шэбеставай і трыумфавалі: «Ура, мы ўпалявалі кенгуру, вось сёння пабалюем!» — адзін узяў Шэбеставу за пярэднія ногі, другі за заднія, і яны панеслі яе ў вёску; мангольскага вурка яны не заўважылі, бо Мах стаіўся на самым дне кенгурынай кішэні, але зубы ў яго ляскаталі ад страху, і ён ліхаманкава думаў: «Божачка мілы, што ж мне рабіць?»

Уся вёска слінай сцякала ў чаканні шыкоўнай вячэры, правадыр племені сказаў, што ў яго разыграўся апетыт на смажаныя кенгурыныя мазгі, чараўнік, які бесперастанку пыхкаў люлькай, папрасіў вэнджаных кенгурыных лапак, а кухар сказаў: «Як пажадаеце», — і пачаў тачыць вялізны нож, але ў гэты момант з кенгурынай кішэні вылез маленькі сабачка, тройчы гаўкнуў і ператварыўся ў Маха, які закрычаў: «Я вам дам смажаныя мазгі, я вам дам вэнджаныя лапкі, калі вы думаеце, што злопаеце Шэбеставу на вячэру, дык вы надта памыляецеся!» — і выцягнуў з кішэні слухаўку; з кенгуру зрабілася Шэбестава, а ў вёсцы настала вялікая сумятня: правадыр з пераляку абамлеў, чараўнік праглынуў люльку, астатнія ж разбегліся, як прусакі, а Шэбестава, хаця ў яе пасля таго ўдару галава страшэнна трашчала, вельмі прыгожа ўсміхнулася і сказала: «Дзякуй, Мах, ты выратаваў мне жыццё», — пасля чаго з дапамогай слухаўкі ператварылася ў балівійскага махнача, Мах ператварыўся ў мангольскага вурка, і яны пабеглі далей.