Читать «Мах і Шэбестава вандруюць па свеце» онлайн - страница 13

Мілаш Мацоўрак

А дзядзька Карал тым часам ляціць у тую мурынскую вёску, апускаецца на зямлю перад самай хацінай чараўніка і пачынае ляскаць дзюбай, чараўнік праз дзверы бачыць бусла і думае: «Гэты птах паводзіць сябе неяк дзіўна, нібыта ад мяне нечага хоча», — ён выходзіць на двор, бусел падыходзіць да яго бліжэй і ляскае дзюбай перад самым ягоным носам — два працяглыя шчаўчкі і адзін кароткі, а чараўніку і няўцям, што бусел на азбуцы Морзэ гаворыць у самую слухаўку, у чарадзейную слухаўку, якая разумее ўсе чалавечыя і ўсе звярыныя мовы, і азбуку Морзэ, вядома ж, таксама; і так слухаўка выслухоўвае пажаданне дзядзечкі Карла, а затым гэтае пажаданне неадкладна выконвае і чараўнік ператвараецца ў конаўку з вялікай ручкай, праз якую прасунута слухаўка, дзядзька тую слухаўку бярэ ў дзюбу і ляціць з ёю прэч, а вяскоўцы, якія ўсё гэта бачаць, пачынаюць вішчаць так дзіка, як яшчэ ніколі ў жыцці не вішчалі.

А далей усё ішло як па масле, ні з кім больш нічога благога не здарылася, хіба што цётачка Маня страшэнна спалохалася, калі абірала слівы, і ў садзе — быццам з неба спалі — з'явіліся дзядзька Карал, Мах і Шэбестава; дзядзька хацеў хутчэй пабачыць свой новы самалёт, і калі цётачка адчыніла дрывотню, стары ледзь не ашалеў ад радасці; самалёт быў зусім маленькі і ўвесь серабрысты, і дзядзечка адразу ж пачаў да ўсіх чапляцца з прапановамі пакатаць, але Мах з Шэбеставай ветліва падзякавалі і сказалі, што калі-небудзь іншым разам, бо зараз яны спяшаюцца дадому на вячэру, а па дарозе дамоў яны згадалі пра ганарыстага чараўніка, які ператварыўся ў конаўку з вялікай ручкай, і папрасілі слухаўку вярнуць яму людское аблічча, а слухаўка сказала: «Без праблемаў», — і нават іх пахваліла, што яны пра таго чалавека не забылі, хоць ён да іх паставіўся не вельмі прыгожа.

5. Пра тое, як Мах і Шэбестава шукалі ў Аўстраліі Джанатана

Аднойчы спадарыня Кадрножкава на месяц паляцела да сястры Бажэны ў Аўстралію і Джанатана ўзяла з сабой, а Мах з Шэбеставай цэлы месяц былі не ў гуморы і ўвесь час толькі падлічвалі дні, калі Джанатан вернецца, яны ўсё ніяк не маглі дачакацца, вы ж ведаеце, месяц — гэта вельмі доўга, асабліва калі чакаеш сябра, ды ўрэшце і той месяц мінуў, і Мах з Шэбеставай паехалі са спадаром Махам у аэрапорт сустракаць спадарыню Кадрножкаву, а цяпер уявіце сабе іх жах, калі яны ўбачылі, што спадарыня Кадрножкава выйшла з самалёта адна, а калі Шэбестава ў яе спытала, дзе падзеўся Джанатан, яна, гаротніца, расплакалася, што сабакі няма, што яна Джанатана больш ніколі не ўбачыць, бо яго нехта ў Аўстраліі скраў.

А Шэбестава сказала: «Гэта катастрофа, Мах, што мы будзем рабіць, я не ўяўляю, як буду жыць без Джанатана», — а калі яны з Махам засталіся адны, яна яшчэ доўга абуралася, што спадарыня Кадрножкава так дрэнна глядзела за Джанатанам, але Мах сказаў: «Шэбестава, злосцю тут не дапаможаш, проста трэба Джанатана знайсці — іншага рашэння няма, на шчасце, у нас ёсць слухаўка», — і тады яны сказалі сваім бацькам, што хацелі б правесці выходныя са спадарыняй Кадрножкавай на лецішчы, каб ёй без Джанатана не было так сумна, спадар Мах іх на тое лецішча адвёз, а калі ён з'ехаў, Шэбестава сказала спадарыні Кадрножкавай, што яны небараку Джанатана знойдуць, нават калі б ім давялося абшукаць усю Аўстралію, што пачнуць яны з ейнай сястры Бажэны і, магчыма, вернуцца толькі ў нядзелю, галоўнае, каб яна берагла сябе, а пасля Мах і Шэбестава дамовіліся са слухаўкай і ў тое ж імгненне зніклі.