Читать «Мах і Шэбестава вандруюць па свеце» онлайн - страница 16

Мілаш Мацоўрак

Да Джанатана ім заставалася ўжо зусім недалёка, і таму яны пабеглі па шашы, дзе было поўна машын; удалечыні яны ўбачылі ферму, і Мах радасна забрахаў, што гэта ферма спадара Марвэла, але ж тут здарылася нешта яшчэ горшае, чым перад тым: адна машына спынілася каля іх, з яе выйшлі двое мужчын, і не паспелі Мах і Шэбестава ачомацца, як зноў апынуліся на заднім сядзенні машыны, побач з ангельскім хартом і нямецкім догам, які грэбліва прамовіў: «Глядзі ты, зноў вы, не надта ж далёка вы ўцяклі», — а Мах сказаў: «Ах, Шэбестава, што ж нам сёння так не шанцуе!».

На шчасце, тым двум злодзеям ужо не хацелася везці махнача з вуркам у аэрапорт, і яны прадалі ўсіх чатырох сабак разам, але грошай мусілі пачакаць, бо спадар Марвэл быў у горадзе; Маха і Шэбеставу пасадзілі кожнага ў асобную клетку, тых клетак там была процьма, і ў адной з іх сядзеў небывала сумны Джанатан, Мах з Шэбеставай яму гаўкалі: «Гэй, Джанатан, гэта мы, твае сябры», — але Джанатан у гэта не верыў, нават не завіляў хвосцікам, і тады Мах з Шэбеставай тройчы гаўкнулі і ператварыліся ў дзяцей, а Джанатан ледзь не ашалеў ад радасці, аднак у той момант з'явіўся спадар Марвэл і пачаў на тых двух злодзеяў крычаць, што яны звар'яцелі, калі ўжо крадуць не толькі сабак, але і школьнікаў, і што ён ім ніякіх грошай не дасць, затое здасць іх у паліцыю, і пабег да тэлефона, але, вярнуўшыся, ён не знайшоў у клетцы ані Маха, ані Шэбеставай, ані Джанатана.

А тым часам далёка ад фермы калекцыянера Марвэла, далёка ад Аўстраліі, Махавы бацькі едуць на лецішча да спадарыні Кадрножкавай, каб забраць дзяцей пасля выходных дадому, яны ўжо здалёк чуюць брэх сабакі і смех, а калі пад'язджаюць бліжэй, не вераць сваім вачам: Мах і Шэбестава гуляюць з Джанатанам, а разам з імі шчаслівая спадарыня Кадрножкава, і ў яе на нагах ейныя ўлюбёныя тапкі; збіты з панталыку спадар Мах пытаецца: «Як такое магчыма, адкуль гэты звер узяўся?» — а спадарыня Кадрножкава не ведае, як усё патлумачыць, яна не хоча выдаваць Маха з Шэбеставай, а таму без усякага сораму хлусіць, што Джанатан прабег палову зямнога шара, каб да яе вярнуцца; спадарыня Махава надзвычай уражаная, яна выцірае хустачкай вочы і кажа: «Гэта проста неверагодна, на што сабака здольны дзеля таго, хто яго любіць», — а пасля яна паварочваецца да Маха і Шэбеставай і кажа: «Вы двое бярыце з яго прыклад».

6. Пра тое, як Мах і Шэбестава пабывалі з Джанатанам у Галівудзе

Калі аднойчы Мах з Шэбеставай засталіся ў спадарыні Кадрножкавай на лецішчы, каб на выходных паплёскацца з Джанатанам у басейне, спадар Бэдрна прыйшоў усталяваць на коміне тэлевізійную антэну, і, прымацоўваючы яе, ён зверху крычаў: «Паслухайце, спадарыня Кадрножкава, ваша страха ў жахлівым стане, з ёй трэба нешта рабіць», — але спадарыня Кадрножкава толькі рукой махнула: «Нічога новага вы мне не сказалі, спадар Бэдрна, я гэта даўно ведаю, але ж дзе на тую страху грошай узяць, вы ж самі ведаеце, колькі яна каштуе», — а затым быў абед, і ўсе елі смажаную бульбу з індыком, якога спадарыня Кадрножкава спякла адмыслова дзеля спадара Бэдрны; Мах з Шэбеставай хацелі даць трохі той смакаты і Джанатану, але спадарыня Кадрножкава сказала, што індыка для сабакі шкада, таму дастаткова і касцей, на што Джанатан прыняў пакрыўджаны выгляд і дэманстратыўна пайшоў плёскацца ў басейн.