Читать «Мах і Шэбестава вандруюць па свеце» онлайн - страница 12

Мілаш Мацоўрак

А Мах з Шэбеставай ішлі па дарозе, цяжка перастаўляючы ногі, бо кожны з іх важыў не менш за тры цэнтнеры, а каб пагаварыць, ім даводзілася мычаць, і калі яны гэтак ішлі да маленькага азярца за вёскай, Шэбестава мычала сумным голасам: «Ну мы й папаліся, Мах, цяпер нам да смерці не выбрацца з Афрыкі, рэч вядомая — нам канец, цяпер ужо нас ніхто не зможа выратаваць, нават дзядзечка Карал, ён нас проста не зразумее», — а Мах у адказ прамычаў: «Шэбестава, не ный, што за паніка, вось пабачыш: усё ўладкуецца, глядзі, мы ўжо прыйшлі», — і сапраўды, перад імі было невялікае азярцо, дзе быў толькі адзін бусел; як можна было меркаваць, гэта быў дзядзечка Карал, ён стаяў на адной назе, і калі яны да яго падышлі, Мах раптам пачаў мычаць: два працяглыя му і адно кароткае, затым тры кароткія і адно працяглае, і гэтак далей, карацей кажучы, ён мычаў на азбуцы Морзэ, а дзядзька Карал пачаў ляскаць дзюбай, чатыры кароткія шчаўчкі і два доўгія, так яны на азбуцы Морзэ перамаўляліся, а Шэбестава, якая азбукі Морзэ не ведала, магла хіба што маўчаць, і гэта яе нямала злавала, бо яна не разумела, пра што гаворка, а між тым Мах расказаў дзядзечку пра спартовы самалёт і пра тое, як яны з Шэбеставай засталіся без слухаўкі, пасля чаго дзядзька Карал заляскаў дзюбай, каб яны нікуды не хадзілі, што ён праз хвілінку вернецца, а тады ўзняўся ў паветра і паляцеў, а Шэбестава раздражнёна замычала: «Што такое, гэты твой дзядзька паляцеў дадому, а нас тут кінуў на волю лёсу», — а Мах замычаў: «Шэбестава, не панікуй, пачакай і ўсё ўбачыш», — пасля чаго пайшоў пасвіцца, бо быў галодны.