Читать «Матчына душа» онлайн - страница 19

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Матчына душа 

Ноч прыйшла да зямлі на спатканне, Захад скончыў агнём палаць, І дубы ў малочным тумане Веліканамі ціха стаяць. Бач, агеньчыкі вёскі далёкай, Бач, на ростані ўзняўся курган. Явар сумны і адзінокі Пахіліў задумёны стан. Кветка тут уначы расцвітае, Водар мяккі пялёсткі льюць... І яе па роднаму краю "Кветкай матчынай" людзі завуць. Я крануў яе ціха рукою - І пялёсткі спеў завялі, І паўсталі вакол чарадою Ўсе паданні роднай зямлі. Вось карона ў рацэ заблішчэла, Хтось плыве, як туман, на вадзе, Па дарозе, ад месяца белай, Цар змяіны кудысьці паўзе. Цені ў лесе бягуць. Цямнее. І ў чароўнай лясной гушчыні Праімчаўся кудысь, як завея, Ян Прыгожы на белым кані. Нехта зблытаў на росных палянках Сцежкі ўсе ў недасяжны край. Як далёка, далёка каханка! Сто гадоў шукай ды шукай. Недзе лье яна чыстыя слёзы, Спавівае ўвесь замак сон, І Буран на сухой бярозе Сцеражэ яе ля акон. Над зямлёю зарніцы мільгаюць, І здаецца, што гэта не гром, А нячыстую раць пабівае, Пакаціла цудоўным мячом. І не вецер раве-нарастае І ламае галлё на дубах, А асілкі дубы змятаюць, Каб да сонца расчысціць шлях. І пялёсткі гучаць трывожна, Бо мінуўся спеў забыцця. Казкі новыя, казкі грозныя, Небывалыя казкі жыцця. Ўспамінаю косы, і вілы, І над замкамі жаркі агонь, Безымянныя ў лесе магілы, І няволі цяжкі палон, Волі нашай крывавыя роды, Катаванні і здзек варагоў, Барацьбу і пакуты народа, Неўміручую душу яго, І паўстанні, паўстанні бясконцыя, І замучаных кроў на раллі, І, нарэшце, шчасце і сонца, Што сышло на нашы палі. Вы, што маці душу забылі, Без яе пажадалі пражыць, Што вы варты без гэтай магілы, Без каліны на роднай мяжы? Без дубоў, што ў тумане млеюць, Без расы на роднай траве? Павяртайцеся! Вецер мацнее! Маці кліча, кветка заве! Для яе я павінен, я мушу Неўміручыя гукі схапіць, Ўзяць у рукі "матчыну душу" І на вершы яе пераліць. Запісаць старыя паданні, Усё, што думаў і што жадаў, І легенды, што на кургане Сумны явар мне праспяваў. Цяжкі крыж, але вельмі пачэсны, Пераліць на свае аркушы Казку мудрую, Простую песню, Кветку матчынай чыстай душы.