Читать «Матчына душа» онлайн - страница 8

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

З падсветам 

Пад вербамі, што нахіляюць У цемры над вірамі стан, Над ціхаю вадой палае Маленькі залаты вулкан. Смаллё ў жароўні сыпле іскры, І ціхай рэчкі глыбіня Святлом няпэўным, алым, чыстым Праніклася амаль да дна. Ноч пахне радасна і смутна Вярбовай горкаю карой, І нос чаўна плыве нячутна Над змрочным лесам пад вадой. І ў гэтым лесе, дзіўным, сінім, Стаяць забіўшыся углыб, Шырокія тугія спіны Заснуўшых пад вадою рыб. Трапечуць багавіння струны, Рыб клоніць бурштыновы сон... Замры, падобны да Нептуна, Трызубец сціснуўшы ў далонь! Бліжэй! Бліжэй! Як слёзы цёплыя, Ад жаркіх водбліскаў святла Чырвоныя падвескі кропляў Нячутна падаюць з вясла. Адзін удар трызубай снасці, І ў ходзе казачных падзей Жывое, трапяткое шчасце Само ў далоні упадзе.

Праменьчык 

Мокры водар белага бэзу, Кветкі-гроны, як вінаград, Ветрык весні, ветрык-гарэза Ўсё трасе і тузае сад. Ў гушчары аканіцы сінія, Ты ўсё спіш, а дзень на нагах. Сонца хітрае праз галіны Да цябе адшукала шлях. І праменьчык малы, пяшчотны, Што праз лісце ў шчыліну ўпаў, Руку голую цёплым ротам, Крадучыся, пацалаваў. Спі. Прачнешся, і ў гэтым садзе Шчасце будзе блукаць між траў. Так мне радасна, Радасна, Радасна, Што падскочыў і сонца б сарваў, Каб не шкода было мне дзетак, І бязмежнага шчасця, і сноў, І дрыжачых спрасонку кветак, І вільготных бэзу кустоў. І садоў, цеплынёю настоеных, І вясёлкавых хваль на рацэ, І праменьчыка, што спакойна На тваёй спачывае руцэ.

Паўлюк Багрым 

На гасцінцах бярозы Зусім пачарнелі ад ветру. Дзіч і глуш безнадзейная, Бураломныя хвояў кражы, На лясным раздарожжы Капліца праткнулася ў нетрах, І хрыстос сем стагоддзяў Вісіць на пахілым крыжы. Праз акенца сляпое Шэры дожджык глядзіцца у хату, У якой дагарае, Бы ў небе асеннім зара, Непатрэбная старасць Адстаўнога паўстанца-салдата, Невядомага генія, Беларускага песняра. Дагарае жыццё. Хто на ўлонне старому прытуліцца? Ні дзяцей, ні нашчадкаў, Даўно праляцела вясна, Прагрымела паўстаннем, Прайшла праз зялёную вуліцу, Згасла ў цяжкай салдатчыне... Мусіць у рабстве сканаць. Мог бы славай грымець Сярод годных паэтаў Еўропы, - Гвалтам спуталі ногі, Трымалі ўвесь час за руку. Што пакіне ён? Вершык у памяці хлопаў, Кандэлябру ў касцёле Ды кроў на гарачым пяску. А ў краіне так цяжка (Асіны ад ганьбы палаюць), І над ёй фанабэрыцца П'яны, разбэшчаны гун. Як пры князю Ўсяславе - Дзень вялікі, а луста малая. Як пры князю Ягайле - На кожную спіну бізун. Абжыраюць удоў, П'юць з гарэлкай сірочыя слёзы, Тлустым задам расселіся На паднявольнай зямлі, На шлагбаумы мёртвыя Пассякалі жывыя бярозы На шпіцрутэны гнуткія Запаветныя вербы звялі. Беларусь мая, сонца, Дарагая і родная маці! На якіх раздарожжах Згубіла ты шчасце сваё? Ці удасца хоць дзецям Шчаслівага дня дачакаці Пасля мужнасці гэткай, Пасля столькіх крывавых баёў? Цень паўстання народнага, Дзень светлай волі Крашына! Я таксама пакутваў За гэту зямную юдоль... О, чаму ты, кажан, Не крануў мяне ў годы дзяцінства, Каб не вырасла сэрца, Каб вочы не бачылі боль? Мы чакалі свабоды, І касілі нас кулямі роты, Ў ланцугі нас кавалі, Каб пад палкай нам быў карачун. Узялі мае вершы, Ўзялі маіх дзетак гаротных. Вершы, бедныя вершы Пад чырванню сургучу! Край сагнуўся ў спіне, Край баіцца размовы пра волю, Край згубіў сваю мову І матчынай песні напеў... Нельга верыць у бога, Калі ён такое дазволіў. Цяжка верыць у люд свой, Калі ён такое сцярпеў. І няўжо не ўваскрэсне Забытая родная мова Не на тое, каб енчыць, А каб крыкнуць да ўсіх на зямлі: "Ўстаньце, хлопы, да зброі! Ліце кроў для вялікай любові, Каб на гэтай крыві Небывалыя кветкі ўзраслі!" Не учуем адказу, Усё больш нахіляюцца хаты, Ўсе маўчаць ад пялёнак: Мужыкі, дзецюкі і дзяды... Пройдзе некалькі месяцаў - Прах самотны старога салдата Хапатліва знясуць На глухія, старыя клады. О, як хочацца волі! Жаданая воля, ты чуеш? Асвяці мне усмешкай Апошнія дні у жыцці. Ты маўчыш? Ты не чуеш? Можа, ў дзень, калі ты запануеш, Верас будзе стагоддзі З разбітага сэрца расці. Беларусь, прачынайся! Я цябе абуджаю! Ты павінна прачнуцца, Не праспі сваё шчасце ўначы, Я гукаю цябе, Дарагая, святая! Адкажы ж, мая родная, Не маўчы!.. Паміраю і веру: Калісьці над светлымі водамі, Над свабоднай зямлёю І над Белаю Руссю маёй Шчасце сонцам заззяе, І слова нашчадка свабоднага Мае раны загоіць Гаючай жывою вадой.