Читать «Максім Багдановіч — крытык» онлайн - страница 9

Святлана Белая

Але пакуль гэтае здзейсніцца, шмат вады ўцячэ, не адна бойка са старым, заскарузлым адбудзецца. Заўсёдная праблема барацьбы новага з аджыўшым робіць шмат перашкод на шляху ў наватарства. I толькі калі навізна, вастрата апошняга паменшыцца, спадае і напал барацьбы.

Гэтая думка прасочваецца і ў артыкуле “Аб цікавым поглядзе г. Глебаза: “...наватарства Мусарскага згубіла былую вастрыню, кансерватыўная апазіцыя адпала, імя яго − агульнапрызнана і нават служыць зброяй у барацьбе супраць наватараў нашага часу. Прыпоны, ляжаўшыя на шляху паміж кампазітарам і музычнай публікай, зніклі, ды і публіка гэта аказалася ўжо падрыхтаванай да разумення яго”.

Канкрэтна-гістарычна разглядае Багдановіч і паняцце “інтэлігенцыя”. “На наш погляд, − піша крытык, − усякі інтэлігент неабходна павінен здавальняць наступным двум патрабаванням: па-першае, ён павінен мець імкненне да ведаў; па-другое, ён павінен імкнуцца несці свае веды на карысць народу”.

Вызначанае Багдановічам паняце ў асноўным адпавядае і сучасным патрабаванням. Але крытык не абмяжоўваецца толькі гэтым. Ён звяртаецца да гістарычнага шляху рускай інтэлігенцыі, паказвае, як сцяг ад інтэлігенцыі з дваранскага асяроддзя пераходзіць да інтэлігенцыі сярэдніх слаёў. Як адбываецца нараджэнне і рост працоўнай інтэлігенцыі, што прыйшла на змену сваім папярэднікам? Новы слой інтэлігенцыі мае сваю афарбоўку: “Ён складаецца з элементаў, праўда, меней складаных і меней культурных, але затое болей дзелавых, болей здаровых і працаздольных. Бо працоўная інтэлігенцыя, што ўзнікла ў нетрах народа, не адрываецца ад яго: гэта той жа народ, толькі болей высокі і разумова, і маральна”.

Багдановіч не ўзняўся да марксісцка-ленінскага разумення гістарычнага развіцця грамадства. Але тое, што прырода і грамадства знаходзяцца ў вечным дыялектычным развіцці, ён разумеў. Гэта было асновай яго аптымізму. І хаця ён засяроджваў увагу на горкіх старонках быцця чалавека, жыццё, гэта напаўняла яго творчасць прасветлёнай радасцю.

Багдановіч быў прыцыповым і прадбачлівым. Гэтыя рысы бачны з таго, што ён адчуў і зразумеў свой час так гістарычна-паваротны момант у лёсе роднага краю. Ён змог дастаткова ясна ўбачыць тыя грамадскія сілы, якія ажыццявяць адвечную мару працоўных Беларусі аб сацыяльным і нацыянальнымразняволенні.

“У кожнай задачы, якую ставіў перад сабой Багдановіч, за кожным са стыляў, якія паступова запаўнялі яго паэзію, быў ён − паэт − патрыёт, інтэлектуаліст, эрудыт, нястомны працаўнік, чулы знаўца чалавечага сэрца” − гэтую думку А. Лойка прыводзіць у сваёй кнізе “Максім Багдановіч” (с. 340). Лічу, што гэта ж самае можна сказаць і пра Багдановіча-крытыка.

І будучы крытыкам-патрыётам, інтэлектуалістам, эрудытам, нястомным працоўнікам, чулым знаўцам чалавечага сэрца, ён кожную з’яву ў жыцці, у літаратуры, творчай спадчыны пісьменніка ці паэта разглядаў з пазіцыі праўдзівасці. Гэты прынцып ён вынес і ў аснову свайго жыццёвага крэда. “Ёсць адна толькі мудрасць жыцця і яе я шаную, − вось што кажа яна: калі хочаш праўдзіва ты жыць, дык пей чашу любую. Але толькі да дна”.