Читать «Максім Багдановіч — крытык» онлайн - страница 14

Святлана Белая

Больш стрыманы М. Багдановіч у ацэнках апавяданняў Тараса Гушчы (Я. Коласа). Не названы нават ні адзін з яго твораў. Але, заўважым, у артыкуле “Беларускае адраджэнне” ён дае больш выразную характарыстыку прозе Я. Коласа, адзначае найбольш істотныя рысы і асаблівасці яе: “Т. Гушча адлюстроўвае ў сваіх нарысах жыццё беларускай вёскі. Неглыбокія па задуме, яны вызначаюцца праўдзівымі і натуральнымі малюнкамі, жывым дыялогам, які льеццаа лёгка і павольна”) (с. 239).

М. Багдановіч ахоплівае шырокае кола імён беларускіх празаікаў. І для кожнага ў яго ёсць трапная характарыстыка, удала адзначана нейкая істотная асаблівасць. Што датычыцца агляду творчасці паэтаў, то на першае месца Багдановіч нязменна далучае Янку Купалу. Сам выдатны паэт, Багдановіч не мог не заўважыць талент Купалы.

У першым крытычным выступленні “Глыбы і слаі” крытык, у прыватнасці, пісаў: “Як у 1909 найбольш увагі на сябе звяртае Я. Купала, звяртае не толькі велічынёй сваёй здольнасці, але і гібкасцю яе, здатнасцю да ўсестаронняга развіцця” (с. 96).

Гаворачы пра станоўчыя бакі творчасці Купалы, Багдановіч разам з тым крытыкаваў яго за тое, што, на яго погляд, з’яўляецца адмоўным у творчасці паэта (залішнюю расцягнутасць паасобных вершаў, пераймальнасць і г. д.). Значэнне таленту Купалы і яго творчасці для культуры Беларусі Максім Багдановіч, аднак, разумеў добра. Пра гэта сведчыць, у прыватнасці, кампазіцыя артыкула “Глыбы і слаі”. З сямі старонак гэтага агляду чатары − больш за палову − прысвечаны Купалу. Гэткія ж суадносіны агульнага і “купалаўскага” матэрыялу і ў артыкуле “За тры гады”. Розніца толькі тая, што заўваг у бок Купалы тут ужо амаль няма. Затое захоплена ўсхваляецца тэматыка, ідэйная скіраванасць твораў, пабудова верша, купалаўская мова − адным словам, “магутны талент Купалы”.

З іншых паэтаў Багдановіч вылучае Я. Коласа, пісьменніка спакойнага, простага і ўсюды сабе роўнага. Як і Пялуян, ёя адзначаз, што турэмнае жыццё не дае яму развівацца і павялічыць круг сваіх тэм, “…І не ў пекнасці формы, мовы ці малюнкаў хаваецца цэннасць яго вершаў, але ў праўдзівай − далёкай ад усякай фальшы − любві да бацькаўшчыны”. Багдановіч заўважае, што руху ўперад няма і ў жартах А. Паўловіча. “Праўда, − піша крытык, − ёсдь... і добрыя байкі, колькі вершаў, якія сведчаць, што ён мае змогу быць праўдзівым паэтам”.

У 1911 годзе адкрыта аб адной толькі К. Буйло, трынаццацігадовай тады паэтэсе, Багдановіч сказаў, што яна “абяцае развіцца ў праўдзіва асабісты талент”, канкрэтнай жа гаворкі пра ўсіх іншых названых у артыкуле паэтаў весці не стаў. Як правільна заўважыў А. Лойка, у 1913 годзе погляд на некаторых з іх змяніўся. Асаблівыя спадзяванні ў аглядзе гэтага года Багдановіч выказаў у адносінах да А. Гаруна, лёс якога ў будуым склаўся вельмі няўдачна. “З паэтаў “Нашай нівы” назавём перш за ўсё Гаруна, ад якога наша пісьменнасць можа шмат на што спадзявацца. Лёгкасць і мілазычнасць верша, рупная шліфоўка яго, новае і вельмі пекнае счэпліванне рыфм, − усё гэта дужа аздабляе яго паэзію. У дзе-якіх творах спатыкаецца сіла і сціснутасць мовы. Галоўнае ж тое, што пры ўсім гэтым А. Гарун ні да каго іншага не падобны, што ён не зрабіўся нічым “падгалоскам”. Гэта зарука, што нашы надзеі на яго талент не пойдуць намарна”.