Читать «Максім Багдановіч — крытык» онлайн - страница 12

Святлана Белая

У апошніх частках артыкула Багдановіч не толькі расказвае аб спрыяльнасці ўмоў для развіцця беларускай пісьменнасці, але і ўказвае яго прычыны. У гэтым мы бачым асаблівасць даследванняў: заўсёды глядзець у сутнасць, схільнасць да аналізу.

Багдановіч-крытык даследваў і сучасную яму літаратуру. Ён напісаў шэраг артыкулаў, прысвечаных беларускай прозе. Гэта “Глыбы і слаі” (агляд беларускай краснай пісьменнасці 1910); “Новы перыяд у гісторыі беларускай літаратуры”, частка нарыса, у якім Багдановіч меў на мэце пазнаёміць рускага чытача з развіццём беларускай літаратуры пачатку XX стагоддзя; “За тры гады” (агляд беларускай краснатй пісьменнасці 1911−1923 гг.) і “Бэларускае адраджэнне”, дзе ў трэцяй частцы аўтар дае характарыстыку белетрыстам-празаікам.

Асаблівую цікавасць маюць два агляды Багдановіча. “Гэта па сутнасці пачатак беларускай прафесійнай крытыкі”, − адзначае Алег Лойка. Але дазволю сабе не згадзіцца з ім. Першы ў беларускай крытыцы гадавы агляд літаратуры належыць Сяргею Палуяну. Таму самаму Палуяну, які заўсёды тпадтрымліваў М. Багдановіча, адзін ваяваў супраць усёй рэдакцыі “Нашай нівы” за яго прызнанне, паслаў у Яраслаўль 8 лістоў, у якіх заахвочвае Максіма да творчасці, да працы над формай верша, яго мовай, заклікае паглыбляць і пашыраць грамадзянскія матывы паэзіі, інфармуе пра бягучыя падзеі беларускага літаратурнага жыцця. Таму самаму Палуяну, якому Багдановіч прысвяціў свой адзіны зборнік “Вянок”, напісаўшы на першым лісце: “Вянок на магілу Палуяна”, два вершы, празаічныя радкі і гэтыя словы: “Невялікімі, але глыбокімі літарамі выразаў ён сваё імя на скрыжалях беларускай літаратуры... То нямногае, што напісаў Палуян, адносіцца да ліку лепшых набыткаў беларускага друкаванага слова”.

Сяргей Палуян сваім артыкулам “Беларуская літаратура ў 1909 годзе” распачаў літаратурна-крытычны жанр, які затым плённа працягваў і развіваў М. Багдановіч. Да першага крытычнага артыкула Багдановіча, які выйшаў у свет (“Глыбы і слаі” упершыню апублікаваны ў “Нашай ніве” 20 студзеня 1911 года) у Палуяна ўжо былі надрукаваны “Баларуская літаратура ў 1909 годзе” (“Наша ніва”, 1910, № 7), “Беларуская паэзія ў яе тыповых прадстаўніках” (Украінська хата, 1910, № 3), рэцэнзіі “Першы беларускі каляндар “Нашае нівы” на 1910 год” “Украінська хата, 1910, № 1), “Тарас на Парнасе” Ш. Ядвігін. “Дзед Завала” (“Украінська хата” 1910, № 2), “Якуб Колас. Другое чытанне для дзяцей беларусаў” (“Украінська хата”, 1910, № 4), “Народны каляндар “Село” на 1910 год”, (“Украінська хата”, 1910, № 3), “Выдавецтва “Час” (“Украінська хата”, 1910, № 3), “Г. Вашчанка “Сляпы” (“Украінська хата", 1910, № 5). Так што пачатак ўсё-такі паклаў ён. І ўсе яго артыкулы вызначаюцца глыбінёй зместу, свежасцю думак, дакладнасцю і аб’ектыўнасцю ацэнак. У гэтым плане цікава параўнаць аргыкул Палуяна “Беларуская літаратура ў 1909 годзе” і Багдановіча “Глыбы і слаі”, “За тры гады”.

У аглядзе, зыходзячы са сваіх метадалагічных установак, С. Палуян коратка ахарактарызаваў творчасць беларускіх літаратараў за адзін год. Асноўную ўвагу, зразумела, ён удзяліў Янку Купаду, ад якога: “Беларусь можа чакаць многа”, перад якім “вялікая будучыня, калі толькі ён не сойдзе з выбранага гасцінца”. У сярэдзіне 1909 г. С. Палуян заўважае “паварот” у творчасці Я. Купалы: “Новыя творы яго акуратна абдум аныя, тэм розных многа, форма лёгкая, усюды артыстычна апрацаваная. Калі і бачым дзе-якія няхваты, дык відаць і ўнутраная сур’ёзная работа, праўдзівае разуменне задач літаратуры”. З іншых літаратараў, творчасць якіх заслугоўвае ўвагі, крытык вылучае Цётку (“Творы Цёткі за прошлы год належаць да яе лепшых твораў: але малая лічба іх (усяго два вершы) не дае змогі штось сказаць аб іх”); Я. Коласа (“Паглыбела паэтычная думка”); Ядвігіна Ш. (“У 1909 годзе зноў пачаў друкавацца і заняў першае месца як па колькасці так і па прадукцыі і па здольнасці сярод беларускіх белетрыстаў”), К. Буйло (“Малады: але свежы паэт − гэта Буйло”); А. Паўловіча (“Застаецца вядомым, як паэт жанраў. Здаецца, толькі там яго сапраўднае месца”) і Багдановіча (“Багдановіч пазбавіцца русіцызмаў, бо гэта адбірае ад твораў паэтычную вартасць, робіць іх ціхімі”).