Читать «Кастусь Каліноўскі» онлайн - страница 16

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Кастусь (ціха). Ну што?

Арсень. Марцявічус п’е з ім.

Кастусь. Бедны... I лёгка ідзе?

Арсень. Цаплін пасля сустрэчы з намі шмат п’е... Можаш ісці спакойна.

Кастусь ідзе далей. У гэты момант з’явілася ля балюстрады Марыя Грэгатовіч. Сустрэліся позіркамі.

Марыя. Пан Макарэвіч, добры вечар.

Кастусь аглянуўся, і на хвіліну нешта дрогнула ў яго вачах.

Кастусь. Прабачце, не маю гонару.

Марыя. Вы жылі ў флігелі дома маёй маці, у Зарэччы. Я – Марыя Грэгатовіч.

Кастусь. Запэўніваю вас, вы памыляецеся. Я – князь Мсціслаўскі. Але я хацеў бы быць гэтым невядомым Макарэвічам, каб мець шчасце хаця зрэдку бачыць вас...

Марыя. I Вітаўта Парафіяновіча не памятаеце? I як мы ўтраіх сядзелі ў нашым садзе... Вы... так нечакана з’ехалі ад нас у сакавіку.

Кастусь. Вы абазналіся... Прабачце.

Ідзе далей. Насустрач яму ідзе Караліна.

Караліна. Ідуць. Заўважыў мяне і захапіўся. Такая брыда!

Кастусь. Стой непадалёку, калі... ласка...

Змрочны, маўклівы і доўгі, як Мефістофель, Марцявічус вядзе Цапліна. Цаплін не хістаецца, але ён цяжка, трагічна п’яны.

Цаплін (жмудзіну). Сядзіш тут сярод дам і кветак... як самая непатрэбная радзіме кветка. А ці быў ты на полі, дзе дабіваюць... Я таго мужыка з віламі... не забуду... Аблічча бледнае... як пры ўсплёску бліскавіцы... Хочаш, падару на шчасце вяроўку павешанага?

Марцявічус. Не.

Цаплін. Тады – мармуровы бюст імператара. Я люблю бюсты імператара.

Да Каліноўскага падыходзіць дэ Салье.

Дэ Салье. Вымушана была пакінуць вас, князь. (Угледзеўшыся.) З вамі нешта здарылася?

Каліноўскі . Пачаў губляць галаву, мадам. (На Караліну.) Мая стрыечная сястра, княжна Надзея Загорская... Я прашу вашай апекі над ёй.

Дэ Салье. Якая мілая... На выданні?

Кастусь. Самая багатая нявеста Прыдняпроўя.

Караліна (з дакорам). Юры...

Дэ Салье. Пры такіх вачах пасаг – зусім лішняя справа. Мяркую, часам вы шкадуеце, што яна – сястра вам.

Кастусь. Часам... вельмі шкадую.

Караліна. Юры...

Кастусь. Вядома, калі вас няма побач.

Дэ Салье. Я схільна палюбіць вашу кузіну... Дарэчы, вось князь Стоцкі... Мілы...

Кастусь. Паляк? Яны так сур’ёзна паўстаюць, палякі...

Дэ Салье. Сто-оцкі...

Кастусь. Ф-фу... Мне здалося – Друцкі... Гэта яшчэ горш, чым палякі... Гэта нашы радзінныя ворагі... Забабоны мацней за нас. Мне давялося б, не адчуваючы ніякай варожасці да беднага маладога чалавека, справацыраваць яго на сварку... Так недарэчна!..

Мураўёў падышоў да балюст рады. Пакуль дэ Салье знаёміць Караліну са Стоцкім, змрочны, як Мефістофель, Марцявічус торгае Цапліна

Марцявічус. Хадзем.

Цаплін. Не, я да графа. Я люблю графа. Мы з графам – два чаравікі – пара. Мы з графам і з табой – тры чаравікі пара. (Ідзе да графа.)

Дэ Салье зноў з Кастусём, які відавочна кампліментуе з ёю. Караліна кідае на Кастуся ўмольны позірк. Кастусь непрыкметна паказвае ёй язык. Караліна ўсміхаецца. Стоцкі відавочна ў захапленні.