Читать «Кастусь Каліноўскі» онлайн - страница 15

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Няўмольны лёс, што абступіў цябе.

I побач светлая мая, святая,

Якой не смерць – сусвет бы падарыў...

Прыслухайся да шуму: горад спіць.

Прыслухайся да шуму: спіць Зямля.

Спіць воля ў турмах, праўда – ў катавальнях,

I людзі спяць, абпіўшыся хлуснёй...

Нічога... Ёсць такія, што не дрэмлюць.

Такія не даюць сабе дазволу

Любіць што-небудзь, акрамя свабоды.

Няшчасна закаханыя ў яе,

Адрынутыя ёю ў смерць і ў турмы,

Яны пажнуць найлепшых закаханых

Праз трыста год. У новы вольны час,

Калі прамовіць нейкая дзяўчына:

“Чаму я не жыла тады, матуля?

Чаму не йшла на бітву сярод іх?”

Ты будзеш жыць і танцаваць, дзяўчына,

Кахаць... А ў нас крык гневу рвецца з вуснаў...

Сланечнік мой, прамень мой светлы, добры...

Гляджу услед, і ад пяшчоты сэрца

Спыняецца. А ты, мая зямля,

Глядзіш мне ў вочы змрочнымі вачыма,

I нема замірае мой язык.

Паўза.

Ідзе... З Дамініканскага завулка,

Дзе мураўёўскі, чорны той засценак,

Святло касое падае пяшчотна

На плечы, твар і золата касы...

О, як ты будзеш танцаваць сягоння,

Якім жывым і цёплым захапленнем

Заззяюць вочы мілыя. I руку

Адчую я ў сваёй руцэ. I вочы

Ніжэй сваіх вачэй убачу я.

I вусны мне раскрыюцца насустрач,

Як кветка цёплая насустрач сонцу...

А потым... Што казаць аб тым, што потым...

Дадому з балю разам не паедзеш...

I я ў святле бягучых ліхтароў

Не буду цалаваць тваіх вачэй...

Ідзі далей, маленькая вясёлка,

Свяці над добрай, змучанай зямлёй,

Што ў нетрах цёплых парасткі раджае.

Жывую рунь апошніх нашых дум.

Паўза.

Ідзі далей, маленькая вясёлка,

Гары над светам. Я не пазаву.

Большае людзей на вуліцы. Паўз Кастуся прабег, звонячы вярыгамі, гарадскі юрод Агей Блажэнны.

Агей (Кастусю). Дай што-небудзь Блажэннаму Агею... Не... Не грошы... Душу дай...

Кастусь (сумна). Аддам, Агей.

Юрод. Дай каму трэба. (Робіць пальцамі вілы.) У-у... Ані дня, ані часу... Ястрабы над табой. Крылатыя.

Кастусь. Бог з табою, Агей.

Юрод. З табою, з табою... (Адбег убок і сеў на кукішкі, як ідал.) Вось. Лятуць.

Выходзіць варта. За ёю Мураўёў, Цаплін, дэ Салье, Тызенгаўзен.

Кастусь. Дык вось ён, Цаплін... З Мурашом побач.

Дэ Салье. Б’яніні проста выключны Атэла. Такі раўнівы! Як гляне на мяне – сэрца падае... Як гэта можна так душыць?!

Мураўёў (змрачнавата). Калі патрэбна, дык усё можна.

Цаплін. Гэта не так складана, як мадам думае.

Дэ Салье. Уявіце, які жах! Чытаю сёння раніцай французскі часопіс – і там пра вас, граф, такія словы... “Рыцар пяньковай вяроўкі...”

Усім няёмка.

Мураўёў (з усмешкай). Нядрэнна! Яна абдымае моцна... I рэзультаты някепскія. Лепш, чым у Атэла.

Юрод. Міхал! Міхал! Мі-ха-ха-хал!

Спыніліся.

Мураёў. Чаго табе?

У руцэ юрода вялізны кавалак сырога мяса.

Юрод. На. З’еш. На.

Паўза. На вуснах Мураўёва з’яўляецца нацягнутая ўсмешка.

Мураёў. Сёння пост. Серада. Я мяса не ем.

Юрод амаль пяшчот на ўсміхаецца.

Ю р о д. А кроў п'еш? Не, ты вазьмі... Вазьмі...

Цаплін. М-гух!

Ён кінуўся быў на юрода з палашом. Мураўёў спыняе яго. Юрод, усміхаючыся, трымае звісаючае мяса. Доўгая страшная паўза.

Мураўёў. Улада з вар’ятамі не ваюе.

Карцiна пятая

Задні фасад мураўёўскага палаца. Святло падае з дзвярэй і люстраных акон на балюстраду, на шырокія белыя сходы, што спускаюцца ў парк. На адзін бок сходаў, злева, агароджа з лаўкай. Правей фасада – арка, частка аркадаў, што акружаюць парк. За ёю зорнае неба... Урачыстыя гукі паланеза. За цэльным шклом акон плывуць пары. Па сходах ідзе Каліноўскі, апрануты ў бездакорны фрак. Насустрач яму Арсень.