Читать «Кар"ер» онлайн - страница 9
Васіль Быкаў
— Ведаю Марыю. У Мінску жыве. Скончыла іняз. Працуе ў школе.
— Во як! — збянтэжана сказаў Агееў. — І даўно скончыла?
— У семдзесят восьмым, добра памятаю. Я паступаў, ды зрэзаўся: конкурс! А яна скончыла.
Агееў адразу нахмурыўся, прыкідваючы сабе: колькі ж ёй магло быць у семдзесят восьмым? Не, штосьці пазнавата было ёй у пяцьдзесят гадоў канчаць інстытут. Наўрад ці гэта яна.
— Даруйце, а якога яна ўзросту?
— Узросту? Ды мая равесніца. Разам у школу хадзілі. Толькі я яшчэ армію адслужыў… А што, не тая, выходзіць?
— Не тая, — сказаў Агееў і паныла кіўнуў на развітанне.
Ён і яшчэ пытаўся: у выпадковых вулічных сустрэчных, што мелі на выгляд гадоў пад шэсцьдзесят ці болей, падыходзіў да сівой прадаўшчыцы кіёска «Саюздруку», некалькі разоў заходзіў у двары, калі бачыў каго-небудзь з вуліцы. Людзі старэйшыя лёгка ўспаміналі Лукаша, некаторыя памяталі Бараноўскую, вельмі нямногія ўспаміналі настаўніцу Веру Адамаўну, але ніхто нічога канкрэтнага не мог сказаць пра яе сястру. Быццам прыязджала, нядоўга пажыла тут, а куды падзелася — гэтага не ведаў ніхто.
Мяркуючы па ўсім, загінула. Але дзе? І калі?
Думаючы пра тое ў бяссонныя ночы, Агееў непазбежна апынаўся ў тупіку. Шматлікія спробы яго што-небудзь даведацца пра Марыю з дапамогай архіву, пісьмаў і запытанняў у афіцыйныя органы заўсёды заканчваліся тупіковымі адказамі накшталт «не чысліцца», «не значыцца», «звестак не маецца». Але ж ён разумеў, што пасля столькіх гадоў, можа, адзінай магчымасцю ў ягоных пошуках сталі дакументы, спісы, архіўныя даведкі, у якіх было шмат чаго, але, на жаль, нічога не было пра яе. Зрэшты, калі падумаць, дык нічога і не магло быць. У тую жахлівую восень яны болей за ўсё на свеце баяліся дакументаў, спісаў, запісак, нават выпадкова згубленай паперкі, якая проста і нечакана магла зрабіцца ўлікай. А пра народную памяць або гісторыю хто тады думаў? Шлях у гісторыю для іх быў перакрыты штодзённай небяспекай, перабрацца цераз якую часта нельга было і думаць. Усе апошнія гады, рассылаючы пісьмы, звяртаючыся ў архівы і распытваючы людзей, Агееў разумеў, што не так прагне знайсці яе, колькі ашукаць сябе, утрымацца ў кволай уладзе ілюзій ад непазбежнасці апошняга, самага непажаданага адказу. Гэты апошні адказ мог мець для яго такі вынік, пасля якога не заставалася ўжо нічога, і Агееў адсоўваў яго як толькі мог, у роспачы хапаючыся за кожнае, нават малаважнае чалавечае сведчанне, цьмяны слых ці нават недарэчнае меркаванне.
Але вось, здаецца, прыйшоў канец усім яго ілюзіям, ніхто аб ёй нічога не ведаў, яна сапраўды без следу знікла той восенню сорак першага, быццам і не жыла на зямлі.
Заставалася апошняе.
Прыехаўшы ў гэты пасёлак, ён пасяліўся тады ў цеснай пасялковай гасцінічцы, каля лазні, дзе ў квадратным пакойчыку з ракавінай і рукамыйнікам пастаўленыя ў два рады стаялі шэсць ложкаў, на якіх амаль кожную ноч мяняліся жыхары — камандзіраваныя, упаўнаважаныя, шафёры. І толькі ён цэлы тыдзень займаў кутні, з гнуткаю сеткай ложак, і калі загадчыца запыталася, колькі яшчэ ён прабудзе, ён адказаў не адразу. Ён проста не ведаў, колькі яму яшчэ давядзецца прабыць у гэтым пасёлку, канца яго справы яшчэ не было відаць, але ў раёне склікалася нейкая важная нарада, і ў гасцініцы спатрэбіліся вольныя месцы. Яго не высялялі, хаця і маглі зрабіць гэта, толькі пацікавіліся тэрмінам яго выезду, але ад гэтага пытання тоўстай, мусіць, ад нерухомай працы загадчыцы з залатымі пярсцёнкамі на ўсіх пальцах рук патыхнула нядобразычлівасцю, і ён, падумаўшы, сказаў: заўтра. У той жа дзень пасля абеду, хуценька перакусіўшы ў буфеце, зайшоў ва ўнівермаг, у аддзеле спорттавараў купіў невялічкую парусінавую палатку, спальнік, што-колечы з турысцкіх прылад, патраціўшы на пакупкі большую частку прыхопленых з сабой грошай, і перанёс усё за могілкі, на бераг кар'ера. Тут аказалася не горш, чым у той гасцініцы. Па крайняй меры, тут ён быў у абсалютным спакоі, на адзіноце, сам з сабой і сваімі невясёлымі думкамі — што магло быць лепш у ягоным становішчы?