Читать «Каларадская пушча» онлайн - страница 4

Севярын Квяткоўскі

— І вось сёння мы развітваемся з квеценню нашага народу, новага народу, лепшага народу. З найлепшымі прадстаўнікамі леп­шага народу, які... Якія — нашы героі застануцца з намі ў сэрцах назаўжды!

Развітальная імпрэза канчалася. Сваякі і блізкія сябры загінулых на чаўнах павязуць целы да колішніх гарадоцкіх могілак, якія цалкам сышлі пад ваду — як і ўсё мястэчка Гарадок Віцебскай вобласці. Да нябожчыкаў прывяжуць камяні з імёнамі і датамі жыцця і пусцяць на дно. На ваду пакладуць вянкі з кветак, з васковымі свечкамі на іх. Так прынята.

***

Пасля праверкі дакументаў Дзікун чакаў у чарзе дагляду рэчаў і круціў у галаве фраг­менты падзеяў месяцавай даўніны. Тыя, хто арганізаваў напад, мусілі быць дзесьці тут — у Горадзе-Героі. Іншых варыянтаў не было. «Яны нас знайшлі! А мы знойдзем іх!» — заявіў пан Фларыян Корд, якога паўжартам называлі імем па бацьку — Альгердыч. Паўжартам, бо ў супольнасцях Новай Зямлі імя па бацьку не практыкавалася, ветлівы зварот быў «пан», «пане», «пані», «панове». Корд — не псеўданім, а сапраўднае прозвішча — ад тыпу кароткай шаблі ў сярэднявечнай Усходняй Еўропе. Альгердыч, старэйшы сябар і настаўнік Дзікуна, здавалася, нарадзіўся не адну сотню гадоў таму, столькі ён усяго ведаў пра жыццё. А пан Фларыян, як і большасць тых, хто ў дарослым узросце дабраўся з Менску да Новай Зямлі, не выглядаў на свае гады. Вось Дзікун са сваймі аднагодкамі рос і змяняўся з аблічча. А старэйшыя — нібы закансерваваліся ва ўзросце, у якім заснавалі Добрае Месца. Загадка прыроды.

Хоць яшчэ большай таямніцай прыроды сталіся непрадказальныя кліматычныя катаклізмы. Гаворка — найперш пра новы водны свет. Адлегласць тры кіламетры па вадзе чо­вен мог ісці паўгадзіны, а мог — тры дні ці нават тры месяцы. А мог і нікуды не дайсці. Тут, напрыклад, такое надвор'е, а за пяць кіламетраў — зусім іншае. Тут пячэ, там цячэ: раптам навальніца, і раптам яе няма.

Спакойная вада, і — знянацку смерч, здатны засмактаць у сябе цэлую вёску на плывучым востраве. Тут лютуе шторм, а за дзвесце метраў вада застаецца ціхаю. Прагназаваць не было як.

Людзі шукалі больш-менш спакойныя мясціны для падарожжаў па вадзе. Спакойныя — гэта значыць, там радзей утваралася прыродная небяспека. Такія водныя трасы зваліся фарватарамі. Трывалых у часе, амаль нязменных фарватараў было зусім мала. Вакол выспаў Новай Зямлі меўся толькі адзін чысты кірунак — на былы Віцебск. Як выглядала жыццё ў астатніх напрамках, спраўдзіць не было магчымасці. А вось прыбярэжныя воды былі заўжды спакойнымі. Побач з зямлёй прыродных катаклізмаў чамусьці не здаралася.

Затое на вадзе! Апроч кліматычнай небяспекі ўзніклі новыя пагрозы ад флоры і фаўны. Напрыклад, шаблязубыя зайцы-плывунцы. Яны вандравалі, скачучы між бярвёнаў, выспачак са смецця і друзу, кінутых чаўноў, вершалінаў дрэваў і дахаў дамоў, якія тырчэлі з вады. Пры неабходнасці зайцы маглі праплысці па вадзе да кіламетра. Яны падбіраліся да ахвяры бязгучна, зграяй ад пяці да пятнаццаці жывёлінаў, накідваліся і не пакідалі ад здабычы нічога, нават самых цвёрдых касцей.