Читать «Каларадская пушча» онлайн

Севярын Квяткоўскі

СЕВЯРЫН КВЯТКОЎСКІ

КАЛАРАДСКАЯ ПУШЧА

З вялікай падзякай жонцы Вользе Квяткоўскайза падтрымку і любоў

ЧАСТКА І. Порт «Чыжоўка»

1

— Праходзім!

Службовец у лінялым камуфляжы знакам паказаў кірунак на іржавы, у зялёна-сіняватых плямах паўкруглы ангар. На самым версе сядзеў чалавек у карычневай камізэльцы. Чалавек абхапіў адной рукой флагшток, на якім ляніва пагойдваўся сцяг незразумелага колеру, бліжэй да бэзавага з рознымі адценнямі малінавага. Выглядала, што вецер і дажджы зрабілі сваю справу, і сцяг даўно пара мяняць на новы.

Другой рукой чалавек у камізэльцы трымаў шчотку. Нахіліўшыся долу, чалавек шмараваў прывараныя па цэнтры пад дахам вялікія літары «ГОРАД-ГЕРОЙ». Ніжэй вісела шыльда «Пункт пропуску «Порт «Чыжоўка».

Пасажыры баржы моўчкі пацягнулі свае торбы, баулы і заплечнікі. Службовец быў падпісаны на спіне словамі «Таможэнные вайска».

— Хто с аружыем — у первае акно. Там здадзіце ў камеру храненія. Астальные ва втарое, трэцяе, пятае, шостае і дзявятае.

Ад трапа да раскрытых варотаў ангару ўздоўж праходу стаялі аўтаматчыкі. Па дзесяць з кожнага боку. З даху ангару, з краёў, за натоўпам таксама сачылі ўзброеныя людзі. Праход быў шырынёй метраў пяць, даўжынёй — каля дваццаці.

Пасажыры пачалі штурхацца-сунуцца. Зачартыхаліся, зажартавалі і заабураліся адначасова. Паціху сталі ўтвараць лініі чэргаў. Ці не траціна перашыхтоўвалася да першага акенца, якое для ўладальнікаў зброі.

За ангарам удалечыні былі бачныя апошнія паверхі дамоў, на якія нібы надзелі касматыя шапкі ці то водарасцяў, ці то лісця розных адценняў зялёнага. У шараватым не­бе раўлі, нібы быкі на бойні, бакланы. Смярдзела гнілымі малюскамі. Пачынаўся новы дзень.

Да трэцяга акна на пачатак чаргі спакойна пасунуўся мужчына на выгляд гадоў трыццаці. Кароткая стрыжка, джынсавая бейс­болка, светла-русыя валасы, сярэдні рост, байка-неліняйка, штаны з самапальнымі адыдасаўскімі лампасамі, берцы, заплечнік сярэдніх памераў — літраў на пяцьдзясят. Вастраватыя рысы твару і шэрыя вочы. З-пад байкі на шыі вытыркаўся кавалак татушкі — зоркі-знічкі. Левае брыво пасажыра было пасечанае шнарам. Твар — загарэлы і абветраны. Гэта быў Дзікун.

Насамрэч новапрыбылага ў Горад-Герой звалі Стась, але на імя яго клікалі толькі кабеты падчас інтыму. Калі скарочана. А яшчэ службоўцы падчас праверкі дакументаў — поўнай формай. Мянушку Дзікун Стась атрымаў у глыбокім маленстве. Дзесьці тут, на берагах ракі Свіслачы. Зрэшты, Дзікун гісторыю слаба памятаў, а дэталі ведаў са словаў дарослых. Трохгадовы Стасік уцёк з дзіцячай пляцоўкі да вады, дзе на яго напаў гіганцкі сінякрылы вадзяны пацук. Драпежнік вагой і памерамі быў з малога, калі не болей.

Крылы дапамагалі пацуку некалькі секундаў трымацца метра на паўтара над зямлёю. Атака, малы ўхіліўся, пералёт, атака, зноў малы адскочыў, але драпежнік даў рады зачапіць кіпцюром брыво хлопчыка. Урэшце Стасік намацаў пад нагамі кавалак арматуры, схапіў і засадзіў пацуку проста ў вока. Фінал бітвы бачыў дарослы мінак, які пабег па адхоне берагу на дапамогу дзіцяці. Калі мінак перадаваў Дзікуна бацькам, хлопчык быў вельмі спакойны. Успатнелы, перапэцканы крывёю, засяроджаны і спакойны.