Читать «Каларадская пушча» онлайн - страница 3

Севярын Квяткоўскі

Мужыкі кіўнулі галовамі.

— Хлопцы, Рамонку нашу першай у ваду кіданула, — удакладніў расказчык.

— А Дзікун? — спытаў адзін з мужыкоў.

— А што Дзікун, — адказаў расказчык, — нічога. Такі разгублены на носе стаяў, пакуль там нашых мардавалі.

— Дык зусім ніяк нічога? — перапытаў хтосьці з натоўпу.

— Нічога.

— А вы не разгубленыя былі?! — выгукнуў яшчэ адзін з прысутных.

— А мы што? Мы ж не Дзікун, — расказ­чык уключыў апраўдальную інтанацыю.

Размова адбывалася непадалёк ад развітальнай цырымоніі з загінулымі рыбакамі і Рамонкай, якая суправаджала першы экіпаж. Людзі сабраліся ў цэнтры Добрага Месца — сталіцы выспы Новая Зямля. Спачатку горад хацелі назваць Новы Змест, маўляў, «новы змест на новай зямлі» — гэта «так паэтычна і сімвалічна!». Але пачаліся спрэчкі пра форму, новая яна ці старая, таму спыніліся на нейтральнай назве Добрае Месца.

Цяпер вось на Полацкай плошчы пад Менскай гарой сабраліся каля трох тысяч чалавек. На гары — копія вежаў Наваградскага замку, пад гарой — копія Вострай Бра­мы, а па цэнтры плошчы — Камень-Знічка, які ў народзе клічуць проста — Валун. На ім выбітыя імёны ўсіх жыхароў Новай Зямлі — каля пяці тысяч. У цэнтры Валуна выяўлены герб Новай Зямлі: уласна знічка — васьміканцовая зорка — з упісаным у яе цэнтр роўнабаковым шасціканцовым крыжам. А таксама дэвіз «Мы яшчэ вернемся!». Людзі верылі, што калі-небудзь вернуцца ў Менск, з якога сышлі пасля Вялікага Выбуху, па якім пачала прыбываць Вялікая Вада. Цягам трох гадоў сусветны акіян падняўся на 199 метраў. Паводле разлікаў навукоўцаў вада пачне адступаць прыблізна праз дзесяць гадоў ад цяперашняга часу.

А пакуль дабрамесцы і прыбылыя з аддаленых паселішчаў Новай Зямлі развітваліся са сваймі суграмадзянамі. Смерць тут, на Новай Зямлі, — надзвычайнае здарэнне. Тут людзі самі не паміралі, толькі калі гінулі ў бойцы з драпежнымі звярамі ці прышлымі ліхімі людзьмі. Таму на другім баку Валуна было не больш за сто пяцьдзясят імёнаў.

— Дарагія суайчыннікі, суродзічы! Ды што там — сям'я! Мы планавалі сёння тут, каля Валуна, традыцыйна адзначыць чарговыя ўгодкі нашага сыходу з Менску, каб знайсці свой новы дом.

На імправізаванай трыбуне над Каменем-Знічкай прамаўляў цяперашні кіраўнік супольнасцяў Новай Зямлі — вялікі ачольнік пан Віктар Абулькевіч.

— Знайсці такі дом, дзе мы б маглі спакойна жыць і гадаваць новыя генерацыі дзеля таго, каб урэшце вярнуцца на нашу радзіму — у Менск — абноўленымі!

«Пракачанымі», — хмыкнуў хтосьці ў натоўпе.

— Мы шмат заплацілі за наш спакой. — Пан Абулькевіч паказаў рукой на адваротны бок Валуна. — Злыдні з розных бакоў спрабавалі захапіць нашу Новую, і ўжо даўно любімую, Зямлю. Мы прыйшлі сюды знясіленымі, але перакананымі ў тым, што пераможам. І мы перамаглі. Мы адбудавалі цывілізацыю. Мы маем электрычнасць, чыстую ваду, жывёлагадоўлю.

Пан Абулькевіч задумаўся на секунду: што яшчэ мелася прагрэсіўнага на Новай Зямлі?

— Мы маем выдатнае войска.

Пан, які стаяў побач з вялікім ачольнікам, штосьці прашаптаў на вуха прамоўцу. Абулькевіч згадаў, з якой нагоды стаіць на трыбуне.