Читать «Казкі астранаўта: касмічныя падарожжы беларусаў» онлайн - страница 6

Раіса Баравікова

Калі над нашаю Зямлёю ўзнімаецца асляпляльная белая поўня, у самую светлую ноч, мажліва з кветак і з'яўляюцца тыя прыгажуні і пачынаюць вадзіць свае чароўныя карагоды, поўныя незямной вытанчанасці і смутку. Так, смутку. Ім жа, напэўна, хочацца вярнуцца на сваю планету. Але гэтага ніхто ніколі не бачыў. Вядома толькі, што з часоў таго нашага падарожжа беларусы пачалі зваць тыя трапяткія, прыгожыя сіне-ліловыя кветкі касачамі і потым праз шмат гадоў занеслі іх у Чырвоную кнігу. Не ведаю, як каму, а мне вельмі, вельмі шкада будзе, калі яны знікнуць.

Я ўжо стары, надта стары, а хто яшчэ зусім маладзенькі, паспрабуйце зрабіць сабе дудачку. Знайдзіце мясцінку, дзе растуць касачы, і прысядзьце каля кветак на кукішкі, пасля зайграйце. Магчыма, некаму і пашанцуе: ён пабачыць спачатку лёгкі дымок, а потым і чароўную прыгажуню, якая, думаецца мне, абавязкова раскажа пра сваю далёкую дзівосную планету ў неабсяжным Сусвеце. І пра кагосьці невядомага нам, хто прамаўляў ёй аднойчы тры загадкавыя пяшчотныя слоўкі: «Касач!.. Касач!.. Касач!..»

Аповесць чатырох падарожжаў

Люблю назіраць за кнігаўкамі... Недалёка ад іх кружыць невялічкая птушка гальштучнік, — таксама з сямейства куліковых. Але варта прымружыць вочы, як уяўляецца сядзіба доктара Савіча і тая дзіўная істота, што спрытна падхапіла з зямлі капялюш...

З нататніка астранаўта.

Гальштучнік

Калі мы вярталіся на Зямлю з планеты Антарыс-5, якая знаходзіцца ў сузор'і Скарпіёна, то ўвесь наш экіпаж быў расчараваны. Справа ў тым, што гэтая планета мае чырвоны колер, чым нагадвае Марс. Але, як мы высветлілі, з Марсам нічога агульнага ў яе няма. Паўсюдна — горы і горы. Мы ледзь знайшлі больш-менш роўную пляцоўку, каб пасадзіць наш карабель. Затрымлівацца на планеце, якая ўяўляе сабою каменную глыбу, не мела сэнсу. І мы рушылі да бліжэйшай планетнай сістэмы, куды ўжо даволі часта адпраўляліся экспедыцыі з Зямлі, дзе можна было нейкі тыдзень адпачыць у гатэлі.

Вось тады і з'явілася на нашых экранах тая маленечкая зялёная планета, якая нагадвала невялікі шарык з ранняй сакаўной травы. Нідзе, ні на якіх зоркавых картах яна не значылася, таму цалкам верагодна, што мы маглі быць першымі, хто натрапіў на яе ў касмічнай бясконцасці. Не цяжка здагадацца, што мы вырашылі зазірнуць на тую планету. Што і зрабілі.

Першае ўражанне было такое, нібыта мы трапілі ў Белавежскую пушчу ці Бярэзінскі запаведнік. Альбо і ўвогуле ў нейкі агромністы здзічэлы сад дзе-небудзь пад Нароўляю ці пад Слуцкам.

Але такім было толькі першае ўражанне. Пад кронамі магутных дрэў была не такая ўжо і дзікая паверхня, — месцамі відавочна расчышчаная, месцамі выпаленая: хтосьці раскладваў вогнішча.

— Магу паспрачацца, тут мы сустрэнем гуманоідаў, — сказаў нехта з членаў экіпажа.

— Магчыма, — пагадзіўся камандзір і тут жа запытаўся: — Мне загадаць, ці ёсць ахвотнікі спусціцца на паверхню?

Ахвотнік знайшоўся. Гэта быў наш доктар Савіч. Камандзір паглядзеў на мяне:

— Ну, а што наш батанік? Тут ёсць што даследаваць.