Читать «Казкі астранаўта: касмічныя падарожжы беларусаў» онлайн - страница 5

Раіса Баравікова

Што нам давялося пабачыць далей, у гэта цяжка было паверыць. Але мы былі жывымі сведкамі ўсяго таго неверагоднага, што адбывалася. Хлопцы аблюбоўвалі, выбіралі сабе кветкі, але іх не рвалі, а прысядалі кожны перад сваёю кветкаю на кукішкі. Потым даставалі з кішэняў невялікія дудачкі і пачыналі іграць на іх. Ах, якое гэта было ігранне! Паўсюль разлівалася музыка, якую яшчэ нідзе і ніколі не даводзілася нам чуць, ад якое кветкі злёгку пакалыхваліся, а хлопцы... Хлопцы на момант пераставалі іграць, і тады з іх вуснаў зрываліся дзіўныя словы: «Касач!.. Касач!.. Касач!..»

Далей для нас усё адбывалася як у сне. Ва ўсякім выпадку, нічога падобнага ў зямным чалавечым жыцці не бывае. Мы раптам пабачылі, што з кветак пачынае віцца лёгкі дымок. Не паверыце, з кожнай кветкі! І ў гэтым дымку ўжо праз нейкае імгненне можна было заўважыць жывую істоту, якая проста на вачах расла, расла і... ператваралася ў чароўную дзяўчыну, якая апускалася на паверхню. Дзяўчаты былі незямной красы. Такіх прыгожых ні на Зямлі, ні на іншых планетах нікому з членаў нашага экіпажа яшчэ не даводзілася сустракаць. Ад іх немагчыма было адарваць вачэй. Хлопцы паднімаліся з кукішак, хавалі свае дудачкі ў кішэні празрыстых камбінезонаў у якія былі апрануты. Потым кожны з іх працягваў сваёй дзяўчыне руку, і яны ўсё роўна як правальваліся пад паверхню гэтай, пагадзіцеся, ну проста казачнай планеты. І адразу ж на тым месцы з'яўляліся новыя кветкі. Нам жа заставалася толькі здзіўляцца.

Прайшло колькі часу, механікі-астранаўты адрамантавалі наш карабель, а галоўны біёлаг усё-ткі спусціўся на паверхню. Думаю, што ён асабліва і не аглядаў тыя кветкі, ён проста ўзяў некалькі з іх разам з іншапланетным грунтам і перанёс на карабель у спецыяльную камеру.

Пасля, калі мы ўжо ляцелі на Зямлю, нехта з нашага экіпажа казаў, што бачыў, як аднойчы ноччу галоўны біёлаг прысядаў на кукішкі перад той камерай і даставаў з кішэні зробленую ім свісцёлку. Па караблі расплывалася ціхае ігранне, ды можна было чуць, як час ад часу біёлаг пачынаў шаптаць: «Касач!.. Касач!.. Касач!..» Але кветкі, трэба думаць, заставаліся нерухомымі, ніякага дымку з іх не з'яўлялася. А, магчыма, гэтага ўсяго і не было. Я ж сам магу сказаць адно, што мне давялося там, на той планеце пабачыць вялікае дзіва. І гэта самая сапраўдная праўда.

Праз нейкі час, калі мы ўжо прыляцелі на Зямлю, галоўны біёлаг пасадзіў тыя кветкі недалёка ад нашага касмадрома ў нізінцы за Раўбічамі. І мне неаднойчы здаралася за ім назіраць, хоць гэта, магчыма, і не надта добра — сачыць за чалавекам. Але тут жа асаблівы выпадак. Біёлаг прысядаў каля кветак на кукішкі, даставаў з кішэні штосьці накшталт жалейкі і пачынаў іграць... Потым перапыняўся, і я мог толькі здагадвацца, што ў гэты момант ён прамаўляе тыя самыя чароўныя тры слоўкі: «Касач!.. Касач!.. Касач!..» Яму вельмі хацелася, каб з нейкай адной з тых кветак пачаў віцца дымок, з якога б выйшла дзівоснай красы прыгажуня. Але нічога падобнага не адбывалася. Праўда, хто ведае...