Читать «Казкі астранаўта: касмічныя падарожжы беларусаў» онлайн - страница 2

Раіса Баравікова

— Хай ляціць, — пагадзіўся камандзір.

І вось мы пакідаем карабель. У нейкі момант шарык адстае ад нас, я азіраюся, бачу, як ён нібыта ўваходзіць у зямлю, у глебу. І тут жа, у тое ж самае імгненне, бы выстрэльвае, вырастае расліна. Я вяртаюся, падбягаю да яе. Яна ўжо — у кветках і кветкі нагадваюць змяіную галаву. Не паспеў я як след іх разгледзець, як да мяне даляцеў ледзь чутны шэпт:

— Дзякуй табе, зямлянін! Я цяпер на ўсё сваё жыццё застануся толькі раслінай...

Хочаце — верце, хочаце — не, але менавіта я назваў гэтую расліну змеегалоўнік Руйша. А людзі занеслі яе ў Чырвоную кнігу.

Венерын чаравічак

Кропля дажджу засталася ў жоўценькай кветцы. І ёй там было, напэўна, утульна. Кветка ж нагадвала чаравічак, з якога немагчыма было выкаціцца. І ўспомніліся мне чаравічкі нашай Венеры. У іх я таксама бачыў кроплю... Дажджу, расы, ці, можа, гэта была сляза?

З нататніка астранаўта.

Гэта было памылковае паведамленне, што як быццам жыхары вельмі далёкай планеты з сузор'я Цяльца, якое можна пабачыць толькі на зімовым небе, хочуць пайсці вайною на нас, зямлян. Проста недакладна расшыфравалі радыёсігналы адтуль, якія дайшлі да Зямлі. І ўсё ж вырашана было паслаць туды наш міжпланетны экіпаж для перамоў. І ўяўляеце, якім было наша здзіўленне, калі нас, беларусаў, там сустрэлі больш чым міралюбна.

Тут трэба сказаць, што тая планета шмат чым нагадвала нашу Зямлю: тыя ж дрэвы, трава, раўніны і горы... Адрознівалася адным: яе насялялі толькі жанчыны, якія жылі не ў звыклых для нас зямных пабудовах, а ў шкляных, якія нагадвалі гіганты-ліхтары. Мы маглі бачыць праз тонкае шкло, як жанчыны расчэсваюць свае валасы, як накрываюць на стол і які пры гэтым выкарыстоўваюць посуд, як сядзяць на канапе, калі глядзяць тэлевізар, і яшчэ шмат што іншае. Але, калі ўсё, што мы бачылі наўкол, пачыналі ахутваць прыцемкі, было ўражанне, што гэтыя дамы-ліхтары напаўняюцца нейкім ілюмінацыйным газам. Яны ззялі, мігцелі рознымі колерамі, і ўсё, што там у іх адбывалася, было бы ў густым тумане. Мы нічога не бачылі. Можна было толькі здагадвацца, што жанчыны рыхтуюцца да сну. Ды справа не ў гэтым.

Найбольш нас уражвала тое, што жанчыны былі ўсе на адзін твар і незвычайна прыгожыя. Акрамя гэтага, усе — прыблізна аднаго і таго ж узросту. Іх скура была асляпляльна белая, толькі шчокі ружавелі, што тыя яблычкі на досвітку ў садзе, надзіва свежыя ад кропляў расы. Нехта з нас не стрымаўся і выгукнуў у захапленні, калі мы першы раз пабачылі гэтых жанчын:

— Ды яны ж сапраўдныя Венеры! Багіні, якім няма роўных! І жанчыны ахвотна пагадзіліся з тым, што яны — багіні.

Толькі папрасілі, каб выключна ўсіх іх называлі Венерамі.

— Дык як жа мы іх будзем адрозніваць адну ад адной, — спытаў наш камандзір, — калі ўсе яны будуць мець аднолькавае імя?!

І адказ на гэтае пытанне мы атрымалі вельмі хутка. Надараліся ў жыцці жанчын моманты, калі яны адрозніваліся адна ад адной. Гэта была вялікая неверагоднасць. Ужо праз некалькі дзён нашага гасцявання на той планеце мы пачулі жудасны крык лабаранта-біёлага, самага маладога з членаў нашага экіпажа. Ён бег да карабля ад яркага дома-ліхтара і крычаў: