Читать «Званы Віцебска» онлайн - страница 9

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Палікар. Пра такое данесці б трэба.

Кунцэвіч. Дано-ос. I данос на яго нічога не зробіць. “Хрыстос маліўся за ворагаў”. Я не Хрыстос! Я – меч, я – воўк ягоны! І за свайго! Хрыста я кроў піць буду, мяса рваць. Вось...

Паўза. Званы.

Ах ты, маленькі дурында, ах ты, заступнічак народны: “Вы абыходзіліся без нас: а калі трэба ўтаймоўваць смуты, што вы ўзбуджаеце ў народзе вашым бяспуцтвам, тады намі дзіры заторкваць... Калі, крый бог, айчына наша патрасецца (а вы сваёй суровасцю пракладаеце да таго торную дарогу), штó тады будзе з вашай уніяй?..” Лепш няхай патрасецца. Лепш няхай згіне. Пад дыхала б’е... “Іудзеям і татарам дазволена ў каралеўстве мець свае сінагогі і мячэці, а вы пячатаеце хрысціянскія цэрквы! Ад таго і ходзіць паўсюль пагалоска, што яны згаджаюцца лепей быці ў туркаў, чым цярпець такі гвалт... Паўсюль ужо грымяць пагалоскі, што яны назаўсёды жадаюць разарваць усякі з намі саюз”.

Паўза.

Хай разарвуць. Хай гінуць. Хай мы загінем. Хай! (Разрывае грамату.)

Палікар. Гэныя... пасланцы ад віцебскага магістрата просяць прыняць.

Кунцэвіч (ярасна). Яшчэ яны! Хто?! (Пасля кожнага наступнага імя ён сячэ рабром далоні па сталешніцы.)

Палікар. Сымон Неша, бурмістр, Сцяпан Пасіёра, бурмістр.

Езуіт. Зачыншчык усяму.

Палікар. Поп Іля з задзвінскай царквы-шалаша.

Езуіт. Свавольны поп.

Палікар. Марцыян Ропат, цэхавы збраяроў-мечнікаў.

Паўза. Рука Кунцэвіча замерла ў паветры.

Антоні-Лар Вольха, залатых спраў майстра.

Езуіт. I прыдумшчык ерэтычных песенек.

Палікар. То што?

Езуіт. Хай пачакаюць.

Палікар. Горад патрабуе вашай парукі, што яны выйдуць адсюль цэлыя.

Езуіт. Горад... патрабуе? Нахабства, вартае гэтага гадзючніка, усёй гэтай віцебскай свалоты.

Кунцэвіч (нібы асеўшы). Дай слова. Нікога не чапай.

Палікар. А я думаў... Даць слова, ды... хай бы пара галоў зляцела. Асабліва каб галовы Ропата з Вольхай. Твая правялебнасць, вялікі святы. Ты загадай толькі, загадай. Не трэба табе рук пэцкаць. Я буду сячы. Я хачу адгарадзіць цябе. Каб ты гэтым не займаўся. Каб рукі чыстыя. (Упаў перад ім на калені, ловіць рукі.)

Кунцэвіч. Зробіш – няма чым будзе табе думаць. Калі паляціць хаця адзіны волас – тады твая галава паляціць.

Палікар. Слухаю... Крыўдзіш адданага пса.

Кунцэвіч. Ропат – збраяр. Віцебск – памежная крэпасць. Ёй, як паветра, патрэбна зброя.

Палікар. Ну то... А Вольха?

Кунцэвіч. Ён паэта. (Кунцэвіч пакутна шукае слоў.) Можа, другі на Беларусі пасля вялікага Міколы з Гусава. Чуў сёння “Куліну”?

Езуіт. Адкуль такая павага да Беларусі і яе паэтаў?

Кунцэвіч. Я шкадую, што ўсё адкрыў вам на споведзі. Адна справа – узняць руку нават на знатнага. Такіх хоць і заўтра наробяць. Зброя пры сабе. А такіх, як ён, стагоддзямі трэба чакаць.

Езуіт. Ого, ды вы маглі б быць хаця й вялікім князем Літвы.

Кунцэвіч. Я мог бы быць усім... Вы заразілі мяне смерцю... Я ведаю, што памру ад уласных... духоўных... сыноў. Усё так. Але гэтых... сёння... я вам... не аддам. (Выходзіць.)