Читать «Званы Віцебска» онлайн - страница 8
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
Кунцэвіч. І да гэтага ўжо блізка. Гэта яны крычаць толькі, а на справе пікнуць ніхто не насмеліцца.
Кунцэвіч. А гэта яшчэ што?
Палікар. Атрады казацкія ідуць некуды пад Оршу, да панцырных баяр, на Маскоўскі рубеж.
Езуіт. Вялікі грэх наш перад богам, што карыстаемся іхнімі паслугамі.
Палікар. Гульцяі, галота. Ні бога, ні чорта, ні караля, ані нас не баяцца. Ой, грэх!
Кунцэвіч. Грэх? Я гэтага не баюся. Я іншага баюся. Я начальных людзей баюся, якія сабе ж шкодзяць, сякуць сук, на якім сядзяць.
Езуіт. Гэта што?
Кунцэвіч. Ліст заступнічка. Канцлера Вялікага княства. Льва, а цяпер Леона Сапегі. Свежанькага каталічка, такога свежанькага, што яшчэ і засмярдзець не паспеў. I ён мяне ганьбіць і піша такое, што валасы ўстаюць дыбарам. I шкодзіць святой маёй справе. Горшы за іудзея ці татарына вораг Хрыста!
Езуіт. Ну-ну, ужо і Хрыста.
Кунцэвіч. Вось, вось што піша, ушчуваючы мяне...
Езуіт. Ён проста кліча да большай мяккасці.
Кунцэвіч. Але вы, вы, духоўнік мой, вы як лічыце?
Езуіт. Лічу, што ён гаворыць глупства.
Кунцэвіч. Ага!
Езуіт. А вы робіце глупства, крычучы на ўвесь свет аб агні і мячы.
Кунцэвіч. Як жа глупства?! Як... глупства?! Вось... далей: “...злоўжываннем уладай... запалілі тыя небяспечныя іскры, якія ўсім нам пагражаюць згубным і ўсёзнішчальным пажарам...” Ён, паршывец, лічыць, што ўрад не толькі дзеля палітыкі робіць выгляд, што звяртае на беларусаў увагу. “Што датычыцца небяспек, якія пагражаюць вашаму жыццю, на гэта можна сказаць: кожны сам прычынаю бяды сваёй”. А я ж прасіў аб падмозе, хаця б духоўнай.
Езуіт. Дарэмна. Ён не дапаможа.
Кунцэвіч. “У вас поўныя земскія суды, поўныя трыбуналы, поўныя біскупскія канцылярыі... даносамі...” Ды як жа нашай дзяржаве без даносаў? I ён мяне яшчэ дакарае за мае словы, што вера ёсць дар божы, але каталіцкая, а не адшчапенцаў. Маўляў, апостал Павел не дадаў гэтага слова – “каталіцкая”, і хто ведае пра сябе, варты ён любові ці нянавісці. I што Хрыстос, маючы для сваёй абароны легіёны анёлаў, маліўся за ворагаў сваіх, і што і мне трэба так рабіць... Ясна, які ты каталік. Зверху ты толькі каталік, а пад гэтым ты – схізма. Таму ты й цярпімы такі, братачка, чортава мяса на смярдзючых касцях.