Читать «Званы Віцебска» онлайн - страница 5

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Ропат дае ёй нешта ў руку.

Ага, куку ў руку? Ды ты што думаеш? Ды ты думаеш, што я?! Ды я – у вочы!

Ропат (адступае). Ну-ну-ну, ну-ну-ну.

Мамка. Ды я вочы кожнаму за яе шчасце выдзеру. Хіба я не разумею? Маладым – як галубам. Усё бурката-аць бы. Дык ты не пойдзеш у храм, Багусенька?

Багуся. Не. Архідыякан, навушнік гэты, шпег, кат гэты, Дарафей. I САМ страшны.

Ропат. Ідзі ты, Трапашкава, калі ласка, ідзі.

Мамка. Я на хвіліначку толькі. Не бойся тут гэтую хвільку, Багуська. (Пайшла.)

Ропат. Угм. Тут з табою баяцца трэба, а не без цябе.

Багуся. Што з табою, Ропат?

Ропат. Ты ведаеш. Няма спакою на зямлі, няма і ў маёй душы.

Ідуць да іх праз натоўп Вольха і Палікар.

Багуся. Я табе казала – не трэба. Нічога з таго не будзе, акрамя маёй ды тваёй загібелі й пакуты.

Ропат. Можа, я і хачу загібелі.

Багуся. Ды што вы як пашалелі ўсе? Што, свет на мне сышоўся? Не!

Ропат. Што ж. Для мяне галоўнае – справа. Унь Зуліся да мяне нават чэпіцца, што лезу на нож. Але раз такое – тады проста пакладу галаву раней за ўсіх.

Багуся. Што? Што?!

Ропат. Нічога... Горад хоча абраць чалавека, які расправіўся б з ваўком. У іншых жонкі, дзеці. А я адзін.

Вольха. Ропат, ты дурань. (Схапіў яго, шэпча.) Ты што ж, з-за бабы хочаш галаву пакласці? Я адыду, адступлюся. Пагавары з ёю. (Уголас.) Багуся, ды ты што, не бачыш, што ён ашалеў? Скажы нешта, бо ён з-за боязі цябе...

Ропат. Я не баюся. Раз Масальскаму ў Мсціслаўлі не ўдалося застрэліць яго, раз застрэліў раней Масальскага падчас замаху Палікар Абрагімовіч – значыць, камусьці трэба. Чаму і не мне?

Палікар. Хто гэта тут Масальскага ўспамінаў? Самае імя гэтай сволачы пад праклёнам, а ты... Ану, рушылі ў палац.

Ропат. Слухай, Палікар, адкасніся. Мы – народ мірны, мы – нікуды не лезем. Але кіпцем за жывое не чапляй.

Багуся. Адстань ад яго.

Палікар. Яб і адстаў, ясачка, каб ты мяне вельмі папрасіла.

Багуся. Пачакай яшчэ крыху.

Палікар. Ну, а калі не папросіш – што ж, вас такіх сотні, але галава ў Ропата адна. Бацька твой памёр, заступіцца за цябе няма каму. А я – тысячнік. Я – гэта гвардыя біскупа.

Багуся. Герой ты, як я гляджу. Сокал. Сокал дзеўкам праходу не даваць. Толькі не на тую ты напаў. Я табе не каханка, і не для цябе ў мяне смаляныя лаўкі... Вольха, я здагадалася, пра што вы. Ропат, я падумаю. Пачакай. І тут Вольха схапіў яго за плячук, крутануў.

Палікар. Ды ты... Ды ён... Ды я яго... Як вяроўку скручу. За ногі перад ратушай павешу.

І тут Вольха схапіў яго за плячук, крутануў.

Вольха. Ты што – войт, каб над намі судрасправу чыніць? Ты што, права віцебскае ламаць будзеш, лашак ты, мерын?!

Зуліся.

Жаўнер малюценькі Падраў кашуленьку Ад пят да калена, Шукаючы прытуленя. Прытуленя не знайшоў. Ды заплакаў і пайшоў.

Вальгіна. Сорам дзе твой? Чаго ты як з ланцуга сарвалася?

Палікар. Варта! Бі іх у маю галаву!

Невядома, чым бы ўсё гэта скончылася, але ў гэты момант у суправаджэнні служак і архідыякана Дарафея выходзіць Кунцэвіч.

Кунцэвіч. Стой, народ!!!

Паўза..

Што за рокат? Хто парушыў спакой? Вы, мяшчане? Ты, Палікар? Адыдзі ад іх. Мір, людзі! Мір!