Читать «Званы Віцебска» онлайн - страница 4
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
Ропат. Так. Але не спакою магілы.
Вольха. Якая магіла? Аксціся!
Пасіёра. А вось якая. Так, яны хрысціяне. I яны хар-рошыя людзі. Можа, лепшыя за нас. Але хіба яны кіруюць? Кіруюць намі і імі, братамі, – ваўкі! I ў ваўкоў права жыцця і смерці, нашай і іхняй. Васкавы шкуры? Ён скора з Васкі і ўсіх нас шкуры здзярэ і нацягне на кнігі. Свае.
Матыс. Шкуру... яно... неяк у дрыжыкі кідае.
Пасіёра. Зброяй нашай ваўкі нашы храмы, нашы ратушы адбіваюць. У катлах нашых вараць нязгодных.
Неша. Та-ак.
Пасіёра. Адзін Кунцэвіч замест усяго права. То нашто нам такое права?
Вольха. Але ж мір. Мі-ір! Ну змірыцеся з уладай папы, і ўсё.
Навум Воўк. Ды мірыліся мы. Мірыліся і з яго ганаровай уладай, чорт з ім і ёю, калі толькі яна. Але не памірыліся мы з прыніжэннем.
Неўсця. Мовы нас пазбаўляе, як жывёл якіх. Няўжо гэтага твая галоўка светлая не разумее, каб ты здаровы быў?!
Матыс. Гэна... У паныласці... людзі.
Пасіёра. Ну так, мы ганарымся, што ў нас цярпенне першых хрысціян. Яны на вялікдзень праз прытвор удзіраюцца ў алтар...
Iля. Быдлам беларускім нас завуць. Смяюцца да гробу Панскага, плашчаніцу шарпаюць. Шкаляры ўрываюцца, паняў, каб вішчэлі, шпількамі колюць. Пад купалам стоячы, непрыстойныя гукі робяць.
Пасіёра. Але ёсць мера і ў нашым цярпенні. Часам нават вельмі невялічкая. Калі такія асцервяненні вуніі робяцца там, дзе людзі не звыклі да пакут і ярма. А мы, віцьбічы, не звыклі.
Мамка. А, дзень добры, каточкі. Хай вам добранька п’ецца ва ўдоў.
Матыс. Чаму... ува-ўва... удоў?
Мамка. А што, хіба ўдовам так і хадзіць без суцяшэння? Яны што, ні грудзей, ані ног не маюць?
Неўсця. Ды, на цябе гледзячы, ма-аюць.
Вольха. Змоўчце вы! Дзяўчына побач. Дзень добры, Багусенька.
Багуся. I табе добры дзень...
Ропат
Вольха. А не пра што?
Ропат. А не пра шчасце горада, не пра Белую Русь.
Вольха. Ропат!
Ропат. Што Ропат? Я спрадвеку Ропат. А вось ты не вольха, а асіна. Толькі ты памятай і пра таго, хто на асіне павесіўся.
Багуся. Ну што табе, Марцыяне?
Ропат. Ты мне так і не адказала, дзяўчынанька.
Мамка. Но-но. Ты што гэта? Забыўся, што я да яе прыстаўлена, каб вакол розныя каты не марцавалі?
Ропат. Ты, мамка, і сама б памарцавала, хаця на дварэ і жнівень.
Мамка. Гэта на гэтым дварэ – жнівень. А на маім яшчэ толькі на май кідаецца.
Багуся. Прузы-ына! Якая ж ты нямілая...
Мамка. Ну-ну. Тады мамка была міла, як нешта мыла.