Читать «Званы Віцебска» онлайн - страница 15

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Мамка. А божа ж мой, ну, чысты анёл.

Пасіёра. Ад Вільні да Магілёва куюць людзей у жалезы, кідаюць у цямніцы. Людзі ў Барысаглебскім манастыры адзінаццаць дзён трывалі асаду. Толькі полацкая замкавая варта агнём іх узяла.

Ропат. Вось гэта людзі!

Пасіёра. То што мы будзем? Цярпець? Магнацтва, акрамя нямногіх, здрадзіла, запляміўшы наш гонар. Яны цяпер па-чужынску цвэнкаюць, усе гэтыя тышкевічы, агінскія, валовічы, сангушкі, сапегі, браніцкія, аскеркі, храпбтовічы і іншыя, імя іх – легіён. Ім ужо мова Кірылы з Турава, Скарыны і Цяпінскага – грубая, як калі ў жываце бурчыць. Псы. Ледзь не адны мы засталіся, мы, просты народ. Што рабіць?

Вольха. Мы, мяшчане, у законе выраслі, звыклі паважаць закон. Мо напішам каралю ды пацерпім крыху яшчэ. Вы ведаеце, я не з зайцоў...

I тут кінуўся да яго Ропат з бердышом-гізаўраю ў руцэ.

Ропат. Змоўч ты, смоўж! Церпім, як у часы ранніх хрысціян. Толькі нас не львам, нас сабакам-падлажэрам кідаюць. А мы маўчым! Досыць маўчаць, Віцебск, досыць, зямля!

Вольха. Галосіш занадта гучна. Парадзіхаю. Ды крыкам нічога не народзіш.

Ропат. Бачыш? Гэта гізаўра.

Пасланцы. Ды разбараніце іх. Зброю ўзнялі. Не ведаюць – на каго.

Вольха. Калі ўзняў зброю – трэба апускаць. Ну!

Ропат (усадзіўшы гізаўру ў зямлю ля ног Вольхі). Не пойдзеш – галаву развалю. До цярпець! Воўк перарэжа ўвесь статак...

У гэты момант з’яўляецца на чале гвардыі Палікар і ўзброены доўбняй зверападобны Дарафей.

Неўсця. Раўніцелі веры з’явіліся. Ну дакладна як у юнацкіх снах нявінныя атракавіцы, каб ім, галубочкам, здохнуць без пакаяння.

Матыс. Ідуць... Аж... засмярдзела.

Iля. Бязлепіцу і грубасць сказаў. На такіх трэба казаць: “Пачэ калу смярдзяй”.

Дарафей. Што, айцы, зноў незаконнае зборышча? Давай, давай адсюль. А то ўздасца вам па грахах вашых. Шкуру гарачымі бізунамі дзерці буду.

Навум Воўк. Глядзі, гэты табе унію ніжэй спіны прапіша.

Палікар. Не звягай на унію, чарвяк.

Палачанін. Хочаце, каб мы глагол, у якім нарадзіліся, змянілі на чужы.

Аршанец. Каб віцебскія ды аршанскія званы на лаціне спявалі.

Вільнянін. Хай пяюць... Абы на іх адпяванні.

Iля. Толькі як ты з чортам дамовішся на чужой мове?

Дарафей. А можа, звыклі б. А, братачкі?

Пасіёра. Можа. Можа, нават і лепей, каб звыклі. Каб толькі не стаяў над намі Рым. I ніхто ў свеце. Досыць. Абрыдла.

Дарафей. Ух ты, як ён на каралёў брэша. Начытаны. А што, хіба Ягелоны не раўнялі ўсіх у правах?

Ропат. Раўнялі. Бо разумелі – гвалтам з намі нічога не зробіш.

Абдзярыха. А цяперашнія, відаць, розум страцілі. “Цёсечка-цёсечка, а потым – стой, воўк цябе рэж”.

Мамка. Лабідуды нейкія, хай бы вам гарэць.

Палікар. Змоўч, бабы.

Дарафей. Куражацца. Цану сабе набіваюць перад намі.

Абдзярыха. Цана нам такая, што ты з усім сваім майном толькі й купіш тую ваду, у якой мы ногі мылі.

Мамка. Для піцця.

Неўсця. Бедныя яны, няшчасныя вашы каралі. Скудныя розумам.

Ропат. Нас пагубіце, але тады і дзяржава веры загіне. Канец! Не быці ёй ужо сярод першых у храме сусвету.

Матыс. Мякінныя... вы... галовы.

Дарафей. Гэта вашы папы мякінныя галовы. Схлапелі, амужычыліся. У распусту ўпалі. Жэняцца. Халера на іх!