Читать «Званы Віцебска» онлайн - страница 14
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
Толькі... нічога гэтага не будзе.
Вольха. Як нічога?!
Багуся. А так, нічога. Нічога, пакуль горад наш – як авечка сярод ваўкоў, а пастухі – далёка. Хату – адбяруць, у студню – наплююць, храм – чужынцы загадзяць. Дзяцей – за чужую зямлю біцца пагоняць. На мяне які-небудзь Палікар вокам кіне.
Вольха. Я яго доўбняй тады.
Багуся. Тады позна будзе... Бачыш, што робіцца?
Вол ьх а. Не бойся. Я цябе нікому ў крыўду не дам. Я за цябе... Я калі і вазьму доўбню, то толькі за цябе.
Пасіёра. Людзі некалі слаўнага места Віцебскага! Бедныя! У шалашы загнаныя, у норы, як зверы! Думаеце, адны вы так? Вось з’явіліся з загонамі людзі. Пятро Васільевіч, палачанін, з сынам Васілем, Ладысь – аршанец, Васіль – магілевец, ды Авянір, а прасцей Вінусь – вільнянін. Прыйшлі раіцца, як далей быць, як жыць, як дыхаць.
Палачанін. Наконт нас і казаць няма чаго. Усе ведаюць, як ён нас прыціснуў. Ведаючы, якія беды нас чакаюць, проста хоць дзяцей не раджай.
Васіль. Што ты, бацька, чым мы вінаватыя? Што ты нас назад буслу аддасі?
Аршанец. У нас за тое, што мы яго тапіць хацелі, усе грамадскія лазні на Дняпры зачыніў перад праваслаўным вялікаднем. I ў каго сваёй не было – тыя да суседзяў хадзілі і набіваліся, як салоная рыба ў бочку.
Матыс. Гэна... ведаем... У нас крамніцы і каморы зачыніў, яткі мясныя, пастрыгальню, перавозы на Дзвіне і на Лучосе... Хай яму... бручкай па мордзе.
Абдзярыха. Латок з маімі калдунамі найлепшымі тройчы перакідаў, каб яго самога так апракінула! Бачыце, у царкву яго, анахцамскую, не хаджу, каб па ім так тыя анахцамы давеку хадзілі.
Вільнянін. Вільня кіпіць. Вялікая грамада. У замках і па слабодах і дамах шляхецкіх хоча паўторна бунтавацца.
Палачанін. Яны яшчэ раз хочуць свой каляндар рымскі ўвесці. Каб было на дзесяць дзён наперад ад нашага. Дзесяць дзён жыцця кожнага з нас украсці. Каб перад богам не ведалі, як сказаць, што мы ў іх рабілі. Забылі, як мы, палачане, ужо хрысцілі іх за гэтыя дзесяць дзён доўбнямі.
Навум Воўк. Кіньце вы пра калдуны ды календары. Справу кажыце.
Мамка
Iля. Ну, гэта табе не вялікая бяда.
Мамка. Змоўч, поп, нахабная твая пыса. Хто, як не брат твой, у Заручаўі, напіўшыся, вакол уваскрасенскай царквы на казле са спяваннем сто другога псалма ездзіў?! Вось за такіх і зваліўся на нас Ізахват.
Iля. Што ты, што ты, баба?
Абдзярыха. Ты папа Ілю катаеш, каб цябе да нагі выкаціла? Ты святога чалавека, каб цябе так па спіне свянціла.
Неўсця. Ну вось, галубочкі мае, і вайне пачатак, каб вам, даражэнькія мае сёстры, скулу на язык.
Абдзярыха. А табе столькі туды скулляў з муллем, колькі твая маці з цыганамі грашыла. Ды вялікіх скулляў, з мае калдуны.
Мамка. Каб табе такую вайну кожны дзень у хаце.
Неўсця. Дальбог, каб ведаў, не звязваўся б. Не бабы, а татарская навала.
Пасіёра. Ціха, бабы! Слухай, народ! Не да бабскіх спрэчак. Не за валасы, за душу ўхапілі.