Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 93

К Акула

- Га? Ды во сабаку кудлатаму. чорту лазатаму ды яшчо таму-сяму.

Дзяцюк голасна зарагатаў.

- I многа ўжо накасiў? - сур'ёзна спытаў Мiкола.

- Эгэ колька... Вялiкi стог накасiў, цэлую пуню навазiў, дзьве кладнi натаптаў i суседу трохi даў... гэ-гэ-гэ...

Недарэчнасьць Захарукова сына найбольш увыдатнялася ў яго дзiцячым, прастадушным сьмеху з найменшай дурнiцы. Часта забаўляўся складаньнем сугучных словаў i асаблiва сьмяяўся-цешыўся, калi рыфмаваньне лёгка да гутаркi трапляла. Гэтак, як цяпер.

- Чуў, што ў Вульляны бальшавiкi курэй ловяць? - забег Пятро наперад Мiколу. Ягоныя звычайна няпрысутныя, дзесь пазiраючыя воддаль вочы цяпер заварушылiся жвавей. Рад быў вялiкую навiну Мiколу перадаць. Якраз папярэдзiў Бахмачовага сына, бо пра гэта хацеў дзяцюк пытацца.

- У Вульляны? - перапытаў Мiкола.

- Няўжо-ж... Лавiлi ды ўсiх нi палавiлi, дзьве ўцякло i мне папало, лепятаў Пятро.

- Ну ты, Пятро, нi выдурняйся, скажы хто курэй ловiць!

- Хто ловiць? Гэ-гэ-гэ! Ты многа знаць хочаш i скора састарэешся, гы-гэ-гэ...

- Нi выдурняйся, кажу! Скажы, хто курэк ловiць! - падняў Мiкола голас.

- Ну добра, табе, добраму чалавеку, скажу.

Ён азiрнуўся ў вадзiн канец вулiцы, у другi, быццам высьцерагаючыся, каб нiхто вялiкае тайны не пачуў.

- Кажы, - спанукаў Мiкола.

- Ловiць гэты камбедавiц Сымон i нейкi бальшавiк у чорным, каторага можа з Гацяў прыслалi...

- Ага, во як. I што робяць з тымi, каторых зловяць?

- У мяшок iх кiдаюць ды на рынак вязуць, гэ-гэ-гэ, - рагатаў дзяцюк. Пры тым рагатаньнi так шырака адчынiў рот, што сьлiна тоненькiм шнурком на яго падбародак пацякла.

- Кажу, нi выдурняйся, Пятро, - крыкнуў злосны Мiкола, - кажы, як ёсьць!

Пятро раптам спаважнеў, азiрнуўся на два бакi вулiцы, выцер сьлiну з барады.

- Сьпiсваюць усё чысьценька, - сказаў цiха й спакойна.

- Сьпiсваюць, кажаш?

- Ага, сьпiсваюць.

Мiкола задумаўся, правай рукой адгарнуў на бок даўгiя валосы, уважна зiрнуў Захаруковаму сыну ў вочы. Той спаважнеў, мовы ня было.

- Значыцца, што сьпiсваюць?

- Кажу ўсё: сьвiньней, курэй, авечак, цэлую гаспадарку.

- I гэты бабыль Пятух, кажаш?

- Ага.

- Каб яго зiмля нi насiла! - падняў Мiкола голас. - Ну а нi казалi, навошта яны сьпiсваюць?

- Нi знаю, - адказаў дзяцюк. Ён рушыў пад Зянькевiчаў двор, зьбiваючы палкай крапiву ля тыну.

Мiкола азiрнуўся. Дзе падзелiся куры? Некаторыя-ж пэўне пралезьлi ў доктараў агарод, а iншыя мо пад клець схавалiся.

- Мiкола!

- Га?

Ля тыну стаяла Алесява Надзя.

- Што новага чуў? Можа Пятро што казаў? - спытала.

- Так, казаў, што ў Вульляны нейкi бальшавiк i наш гультай-абармот Пятух пiрапiсваюць усё чысьцiнька.

Ён коратка пераказаў Надзi, што пачуў ад Пятра.

- Можа-б ты падыйшла ды паглядзела, што там робiцца, га? - прасiў Мiкола дзяўчыну, - бо я сам дома й нi хачу, каб наляцелi. Бацька казаў курэй палавiць, толька чатыры пакiнуць, алi я мусiць рады нi дам. Ды можа яны прыйдуць заўтра, дык я iх сягоньнiка на курасаднi цапну.

- Калi хочаш, памагу, - запрапанавала Надзя.

- Ды мусiць не. Лепi iдзi, паглядзi, што робiцца. Бо хто яго гэтага Пятра знаiць, цi праўду ён казаў.