Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 92

К Акула

- Цюхцяй, ты! - сыкнула на Янука. - Мядзьведзь, каб цябе!

Яна злосна адпiхнула хлопца й пакульгала да лавы. Янука як варам аблiло. Пазiраў на зьзяючы прыгожы чаравiчак i здавалася ў млосны момант сораму й зьбянтэжаньня, што каб мог, дык зьдзеў-бы ягой пацалаваў-бы пакрыўджаную ножку. Але найбольш апяклiя яго рашчараваныя, балючыя васiлькi.

Янук ня кiнуўся памагчы дзяўчыне сесьцi, прасiць прабачэньня. Адно ў тым зьбянтэжаньнi ўбачыў, што калi будзе мiж танцораў стаяць дык з ног зьбiць могуць. Здалося яму, што цяпер ўсе абвiнавальна глядзяць на яго, як на якога злачынцу, каторы дзяўчыну скалечыў. Ад сораму закружылася галава й Янук пасьпяшыў да выхаду. Азiрнуўся пераз плячо й спасьцярог як ля Дунi мiльганула квяцiстая сукенка Клавы. Калi мецiў у шырака адчыненыя дзьверы, здалося, што за плячмi, разам з баянам, тросься ад гулкага рогату доктараў Стась.

21

- Каб на вас каршун! - крычэў Мiкола на курэй. - А калi нi каршун, дык бальшавiкi нiхай вас пажаруць, от як!

Мiкола затрымаўся, каб паветра злавiць. Колькi нi ганяўся нiяк ня мог курэй у хлявушок накiраваць.

- Глядзi-ж, Мiкола, палавi ўсiх, пакуль пiрапiсваць прыдуць, толька чатырох пакiнь, - наказваў бацька.

- От ты тутака й палавi. Цьфу на вас! - злосна плюнуў дзяцюк. Балела нага й падбiты палец. Ганяючыся за курамi, у камень недзе стукнуў. I брала злосьць на Янука й бацьку. Брат недзе адыйшоўся, а бацька ў Гацi пайшоў пра млын праведаць. Змогся пры жорнах.

А перапiшчыкi, як чуваць, на другiм канцы вёскi былi. Каб сяньня ня прыйшлi, добра было-б. Зьлятуцца куры на курасадню, пайшоў - цап за хвост, ды схаваў дзе ў бясьпечнае месца, пакуль гэта трасца мiне. Ня тайнай у вёсцы было, што кажны гаспадар як мага больш дабра ад вока "народнай улады" стараўся схаваць. Дзiва што! Калi пайшлi па вёсках пярэпiсi, адразу насьцярожылiся сяляне. Гэта-ж пад панскай уладай нiчога падобнага людцы нi бачылi. Ужо каторы бедны падаткаў ня мог заплацiць, той дрыжэць пачынаў. Зьяўляўся ў хату й апiсваў усё, да апошняй iголкi, гэтак званы саквiстратар. Пасьля ўсё тое мiзэрнае дабро за няплачаныя падаткi забiралi. Агулам-жа падатак ад зямлi бралi, статку й птушку нiхто ня сьпiсваў. Гэтта-ж кажную гусь, качку, курыцу, авечку, - не гаворачы пра большае, - ўсё пагалоўна сьпiсвалi. А навошта iм гэта?

Мiкола забыўся пра курэй, абапёрся на тын i з агароду, што за клецяй, пазiраў на вулiцу. Сонца хiнулася з паўдня, засела ў нейкай млява-шэрай гушчы. Зраньня пакапрысiў прымаразак, пасьля адпусьцiла. З захаду зацягвала неба й пачынаў варушыць вярхамi доктаравых клёнаў вецер. Дзесь над балотам крычэлi жураўлi. Далёка плыла журботная туга па пакiданай бацькаўшчыне. Мiкола намагаўся знайсьцi ключ, але нiяк ня мог спасьцерагчы дзе ляцелi ў падарожжа птушкi.

Па пустой вулiцы, з-пад Якубавай хаты нетаропка шкандыбаў Захарукоў Пятро. У правай руцэ трымаў даўгую палку, зьбiваў ля плоту ўжо шэрую ад першых замаразкаў крапiву. Гэтак заняты, ён не заўважыў як параўнаўся зь Мiколам.

- Каму гэта сена косiш, Пятро? - спытаў Мiкола.