Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 91

К Акула

- А нiхай iх, Янучок, як накруцяць! - адказала хутка, насаткай выцiраючы з твару пот. - Ды яшчо якая зь мяне там танцорка... Пойдзiм з табой танцаваць. Добра?

Янук баяўся зiрнуць дзяўчыне ў вочы, каб у ягоных трусьлiвасьць ня вычытала. А воддаль, - ён быў пэўны таго, - пазiраў на iх з дурной усьмешкай на твары Стась.

- Ну, Янук, пойдзiш?

- Ты-ж знаiш, што танцаваць я нiколi нi танцаваў.

- Бiда вялiкая! - усьмiхнулася дзяўчына. - Навучышся. Я табе памагу. Ну?

Януку душна зрабiлася.

- Кажу-ж табе, што танцаваць я анi ў зуб! - апраўдваўся Бахмач.

- Нi бядуй, некалi-ж пачынаць трэба. Як ня будзiць першага разу дык ня будзiць i пачатку.

- Алi-ж як гэта асьмелiцца?

- От я табе пакажу, памагу.

Дуня прыхiнулася яшчэ блiжэй i проста ў вочы ягоныя зiрнуць намагалася. Нiзка выразаны трохкутнiкам верх сукенкi цяпер адхiлiўся i на хлапца ў цэлай поўнi пазiралi тугiя, голыя закончаныя румянымi пупушкамi грудзi. Разьлiлася па целе млявасьць.

- Ну як гуляiш, Дунiчка? Глядзiш, каб дзяцюк твой самапасам ня бегаў? Ха-ха-ха!

Дунiна сяброўка, Юшкевiчава Клава, паехала дробненькiм сьмехам. Высокi здаравяка ў вайсковым мундзiры гарнуў яе да сябе. Яго правая рука бессаромна цiснула сьпераду вялiкiя дзяўчынiны грудзi. Клава перарасла Дуню, хаця дзяўчаты аднагодкамi былi. Не падабаўся Януку Клавiн войстры язык, што часам i матам не ганьбаваў. Прыгожая з выгляду, гнуткая ў рухах, цяпер вольнай была. Дзяцюка ейнага "моцарствовую" баранiць пагналi.

- Пiрастань, кажу! - сыкнула дзяўчына на бальшавiка й плёснула па дакучлiвай руцэ.

- Ну да ты чаво эта, - не адставаў жаўнер, - я люблю тебя.

Маскаль дыхаў гарам гарэлкi.

- Трэба ты мне, палюбоўнiк гэткi, ха-ха-ха! - зарагатала дзяўчына. Напiўся, чорт, ды прылiп...

Дуня прыглядалася пары, зьбянтэжана зiрнула на Янука.

- Мой дзяцюк во саўсiм нясьмелы, а ты свайго адагнаць ня можаш, усьмiхнулася Макатунiшка.

Гулкi баян пачаў iмклiвую польку. Мiгам Дуня станула перад Януком i цягнула яго за руку.

- Ну хадзi пакуль мяне каторы пацягнiць! - спанукала.

Януковы ногi зусiм ацяжэлi. Колькi разоў нязручна ступiў, намагаўся трымаць такт. Дуня затрымала яго.

- Глядзi во на мае ногi. Добра? Цяперака пачынай: раз, два, тры, раз, два, тры. Iдзi левай наперад, дастаў да яе правую, а тады левую. Ну гэтак. Вiдзiш, як лёгка? Ну я цябе буду вясьцi. Пачынаем: ра-аз, два, тры. Ды ты нi сьпяшы толька. О так... вiдзiш?

Янук вачмi сачыў дзяўчынiны й свае ногi. Дуня цягнула яго за сабой i намагалася згарманiзаваць нязграбныя Януковы крокi са сваiмi.

- Ну як? От вiдзiш, ужо добра патрапляiш. Болi ў каленях гнiся, ня тое, што як на калках якiх... о так...

Здавалася, што ўжо быў у гэтай першай лекцыi нейкi прагрэс. I калi-б, Янук канцэнтраваўся на танцы, мо ўсё добра абыйшлося-б. Трэба-ж было яму назад азiрнуцца, можа ўпэўнiцца цi цэнтрам увагi ён ня стаў. I запраўды, некаторыя зь цiкавасьцю пазiралi на юных танцораў. Янук зьбянтэжыўся, неяк раптоўна адубелi ногi, душна зрабiлася. Якраз калi Дуня намагалася крутнуць яго, як мядзьведзь ступiў ей на правую нагу. Дзяўчына ахнула з болю, моцна скрывiўся вясёлы да гэтага часу тварык.