Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 87

К Акула

Быў гарачы цалунак у канюшыне. Бурным салодка-гаркiм хмелем апарыў вусны, хаос у галаве ўзьвярэдзiў, а бессаромна заголеныя ногi малаткамi гарачага пульсу перадалiся ў скронi й сэрца. I навет цяпер, ужо з адлегласьцi, навет у цемры сорамна й нiякавата было. Гойдаўся пад нагамi грунт, хвалявалася-круцiлася зямля на тэй уяўнай восi. Было ўсепаглынаючае зьбянтэжаньне, камплетны амаль паралiз. У гэткi момант найлепш было-б, мусiць, залезьцi ў нейкую нару, каб не спасьцераглi людзi чырванi на твары, каб ня кпiў нiхто зь ягонай бязраднасьцi.

Крыўдна й балюча. I ня было нiякiх сродкаў кантролi, нi супрацьдзеяньня. Бушаваў шырокi вiр. Бурлiвыя хвалi ў пырсках захлынаючай пены несьлi кволы, бездапаможны лiсток.

Недзе ў цемры мiж кустоў над канавай вецер шалясьцеў сухой асакой. У прыглушанай гамонцы сабралiся вольхi й марудна скрыпела надломанае некалi бурай дрэва. Дзяруга хмараў цягнула з усходу. Лiтоўцы схавалiся ў цемры, адно, здаецца, сьвяцiлiся вокны ў Кмiтавага Тодара i Ўладзiмера Пятуха. Калiсьцi даўгiя васеньнiя вечары зьзялi лiтоўскiмi сьвётламi-пацеркамi ў начоўках аж да поўначы. Дзеўкi й жанчыны пралi кудзелю, а мужчынскi род ладзiў-майстраваў гаспадарскае знарадзьдзе. Маладыя на вечаркi зыходзiлiся. Гучныя галасы песьняў бурлiлi радасьцю жыцьця. Недахоп нафты зьвязаў больш чым руплiвыя рукi.

На чыгунцы з-пад Полацку пачуўся гул. Шырэў, рос, разьлiваўся рэхам у прычыгуначнай пушчы. Наладаваныя вайсковым матар'ялам цягнiкi на захад хадзiлi гэтта часта. Пад Дубовiчамi рос пук сьвятла. Ён даўжэў i зырчэў, ды неўзабаве яснай конаўкай разрэзаў густую цемру. Нiзкi, сiпаты сыгнал тузануў лiтоўскай далiнай. "I чаго яму, сiпатаму чорту, трубiць?" - падумаў Янук. "На гэным-жа дубовiцкiм пiраезьдзе нiкагуськi нiма."

У кабiне лёкаматывы ўявiў Бахмач плоскатвараг, касавокага савецкага Ваньку: набрынялая алiвай i мазутай ды гарам "сьпяцоўка", тырчма ўверх казырок шэрай кепкi, а ў роце неадступная, часта гаснучая "казiная ножка" са сьмярдзючых карашкоў. А мо ня так. Мо гэны ў чорным "жалезнадарожным" мундзiры, на галаве ў яго круглая шапка з чырвонай зоркай, а на каўняры скрыжаваныя развадныя ключы з малаткамi. I першага, i другога бачыў Бахмач у Гацях, калi пашыралi чыгунку й прыйшлi першыя савецкiя цягнiкi, а дзецi зьбеглiся паглядзець "надта-ж надта вялiкiя маскоўскiя паравозы".

Цягнiк праiмчаўся хутка i ўлiўся ў гоман гацкае станцыi. У начоўкi цiшыня вярнулася. Янук падыходзiў да гасьцiнцу. Былi ўжо чуваць зь Лiпавiчаў галасы, гул матору. Янук ведаў, што дзяўчаты зьбiралiся й пайшлi мусiць яшчэ да зьмярканьня, ды не спасьцярог каторыя. Цiснулi боты. Адны-адзiныя, што меў, каторыя бацька летась адступiў. Зьбiтыя й палатаныя былi, але ашчаджаў iх Янук, бо ведаў, што iншых не здабыць яму цяпер. Сьвiтка таксама зь плячэй бацькавых. Не пакажашся-ж на вечарыну босы ды ў вадной кашулёнцы, асаблiва-ж калi сьцюжай праймае. Сьвiтка была паўсуконная. Хоць крыху й завялiкая, але што зробiш. Падрасьце, заробiць, тады й касьцюм будзе.