Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 85

К Акула

З патэфоннай кружэлкi гарлапан зноў "гэч тавагыша Сталiна" пачаў. Янук спынiўся ля прачыненых дзьвярэй хаты й мяркаваў куды яму йсьцi. У хаце спасьцярог Захарука й побач Дуню. Нейкая рука страсанула яго за плячо.

- Ну а ты, пацан, чаму бацьку ня прывёў? Дзе ян?

Лявон стаяў перад iм, як важны генэрал. Твар прамянiўся зухаватаю нахабнасьцю, выклiкаў, зьдзекваўся. Муынаватыя, нецьвярозыя вочы памалу поўзалi па малым Бахмачу.

- Iдзi сам яго спытайся. Пусьцi! - тузануўся Янук.

Рука яшчэ мацней сьцiснула хлопцава плячо, а ацяжэлы Лявонаў язык пагражаў: - Ты, гэта такую тваю маць, чаго на дыбы становiсься, жабянё? Як спрашываю, дык атвiчай! Начальства з табой гаворыць, пацан ты!

- Бацька хворы, - адказаў Янук.ж

- Хворы? Эгэ... прытварыўся, сукiн сын!

- Калi ня верыш, дык сам iдзi паглядзi!

Лявон паклiкаў Косьцiка й клешчы звольнiлi Янукова плячо. Падыйшоў Стась.

- Чаго ён цябе? - спытаў.

- Нi знаiш? Чэпiцца, шэльма, што бацька нi прышоў, а бацька - сам знаiш - усе плечы ад банек сiнiя...

Ня меў Янук ахвоты Стасю свае крыўды вылiваць. Пераступiў парог i апынуўся ля стала перад Дуняй.

- Памагаiш, Дуня? - спытаў, крыху зьбянтэжаны.

- Так, Янучок, папрасiлi каб запiсвала. Казалi, што мала хто ў нашым сяле паруску можыць.

Перад сталом стаялi жанчыны й перакiдвалiся словамi з Аксеняй i Захаруком. На печы, апранутыя ў крамныя кашулёнкi, зрэбныя портачкi, павытыркалi заходжаныя пяты i як кураняты тулiлiся адзiн да аднаго два Ўладзiмеравы хлапчукi. Аднаму было тры, другому - чатыры гады. Пятухова маладая, пасьвяточнаму апранутая жонка кiвала на iх пальцам, ля прыпечку стоячы, каб гоману не рабiлi.

Дуня зьзяла поўняй расьцьвiлай прыгажосьцi. Сiняя аксамiтная блюзка й зялёная спаднiца, прыгожа рашчэсаныя валосы, прывабныя вочы-васiлькi, румяныя шчокi - яна была выдатнай аздобай "балацiровачнай камiсii". Васiлькi пазiралi на Янукла проста й даверлiва. Хлапцу ня давялося спанатрыць калi загаспадарыла ў iх самаўпэўненасьць i дзявочая зусiм выразная гарэзьлiвасьць.

- Ну а ты ўжо навучылася пiсаць? - спытаў Янук.

- Буквы знаю, фамiлii магу запiсваць, - хвалiлася Дуня.

- Надта-ж скора.

- У школе як далi нам па тры буквы на дзень дык за два тыднi ўсе пазналi. Гэта-ж мы ня дзеткi малыя...

- Ага, - сказаў Янук i яшчэ больш зьбянтэжыўся.

- Можа сягоньнiка на вiчарынку пойдзiм? - выручыла Дуня.

- Дзе, якую?

- У лiпавiцкай пунi.

- Ага, знаю. А хто-ж робiць? Зь кiм пойдзiш?

- Байцы робяць. Гэта Клава мяне падахвоцiла.

- Сваiх дзяцюкоў на вайну забралi, дык вы з байцамi цяпер.

У Януковым голасе чуўся дакор. Дзяўчына спасьцерагла.

- Майго-ж на вайну нi забралi. Ты-ж мой, - сказала зусiм проста й шчыра дзяўчына.

Чырвань залiла Янукоў твар.

- Якi зь мяне дзяцюк? Ты ня строй кепiкаў...

- Нiякiх кепiкаў, - усьмiхнулася Макатунiшка. - Хадзi во й пойдзем.