Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 88

К Акула

"Можа лепi было-б узяць з сабой доктаравага Стася", - думаў Бахмач. Ды надта-ж нястрыманы хлапец быў зь яго. Языку поўная воля, а галава - пляшка цёмная. Калi што туды трапiць, - нагнi й вылi, - нi кроплi сабе не пакiне. Язык - жорны. Зусiм па бацьку пайшоў, адно стары Зянькевiч усвоiў мудрасьцi жыцьця й памяркоўна сваё трапло ўжывае.

Адчуваў Янук, што падарожжа на вечарыну рызыкоўнае было. А што будзе, калi Дуня цi каторая дзяўчына танцаваць яго выцягне? I што будзе, калi ня будуць патрапляць у танцах яго ногiў мулкiх бацькавых ботах? Ад сораму згарэць давядзецца. Сустрэнь тады доктаравага гарлапана. Ён пры людзях рогатам паедзе.

Янук затрымаўся на чыгуначным пераезьдзе. Глуха гудзелi тэлефонныя правады. Зыйшоў з гасьцiнцу й прылажыў вуха да слупа. Гэны навык нарадзiўся ў яго тады, калi першы раз пазнаў цывiлiзацыю. Цягнiкi, тэлефонныя лiнii, школы, - усё тое, што прыходзiла зь верхняга, малаведамага яму сьвету, было для Янука цывiлiзацыяй.

Кажны слуп гудзеў пасвоему. Чаму мелi слупы розны гул? Цi розьнiцу рабiла вялiчыня, таўшчыня, цi гудзелi, зусiм ня слупы, а правады? Дзецi спрачалiся пра тое часта. У школе сорамна было настаўнiка пытацца, каб не абсьмяялi.

Задзёр Янук галаву i ў цемры намагаўся тэлефонным чашкам прыгледзiцца. Былi яны калiсьцi аб'ектам дзяцей i Янук у гэным няхiтрым спорце добра руку набiў. Чашкi былi фарфаровыя белыя й шкляныя сiнiя, цi зусiм празрыстыя. Калi каторы малы вiсус чашку камянём зьбiў дык гонар вялiкi меў, бо спорт гэта не такi лёгкi, як здавацца магло збоку. Вiсус браў сабе ў кiшэню часьць зьбiтае чашкi, значыцца часьць тае цывiлiзацыi ды клаў недзе ў схованку разам зь iншымi чарапкамi й блiскучкамi. Чужое-ж гэта было, пэўнага роду трафей значыцца. Тэлефанiчная адмiнiстрацыя пасьля на слуп усьпiналася, жорсткiм "псякрэвам" мясцовае "быдла" й "хамства" лаяла ды чашкi мяняла. Нейкi мэндлiк цi iншы вадзiмскi пры першай нагодзе "брудным хамам урвiсам" пад насамi пальцам махаў. I калi "псякрэвы" з тэлефоннай канторы панапраўлялi лiнii, а вадзiмскiя цi мэндлiкi пальцамi намахалi, дзецi зноў пачыналi практыкаваць "хто скарэй пацэлiць". Чашкавы спорт у Лiтоўцах меў такое самае права грамадзянства як мячык цi пiкар. Апроч таго ён быў падмацоўваны жаданьнем дасалiць "псякрэвам" мэндлiкам i вадзiмскiм.

"Пра што гаварылi цяпер тэлефонныя правады? Якiя гукi й куды несьлi? Пэўне-ж iншыя чым пры панох", - разважаў Янук, вуха ля слупа трымаючы. - "I што рабiць цяпер з чашкамi, зьбiваць iх, цi не?"