Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 74

К Акула

Зiрнуў упарта на Пракопа й прадаўжаў: - За наша асвабаждзенiя ад белапанскага iга, за нашу народную, савецкую ўласьць, за нашу доблiсную Красную Армiю, што нас асвабадзiла, да i за нашага важдзя, атца ўсiх народаў, вялiкага й мудрага таварышча Сталiна! Да здраствуiць!

- Да здраствуiць! - падтрымаў Лявон.

Косьцiк i Лявон пачалi пiць зь вялiкай насалодай. Спасьцярогшы, што Пракоп ледзь вусны памачыў, Сабакевiч перасьцярог: - Пракоп, за таварышча Сталiна п'ем, стала быць да дна далжон!

Пракопава нутро пратэставала супраць пякучай, смуроднай, гаркой вадкасьцi. На сiлу пару кропляў адпiў. Косьцiк зноў зьвярнуўся да яго: Кажу табе яшчо раз, таварыш Бахмач, гэта другi раз прадупрэждаю, што за таварышча Сталiна абiзацiльна нужна пiць да самага дна. Панiмаiш? А трэцi раз прадупраждаць ня буду.

Перамогшы агiду, Пракоп нагнуў шклянку. Сочачы дзяцюкоў адпiў пару глыткоў, ды шклянку трымаў пры вуснах. Вiдаць, пераканаўшыся, што Бахмач узяўся пiць, Косьцiк скончыў сваю разам зь Лявонам. Пераз плечы камунiсты шпурнулi шклянкi ў качарэжнiк. Адпiўшы мо трэцюю часьць, Пракоп затрымаўся. Мiгам зар'ентаваўшыся, ён кiнуў сваю шклянку пераз плячо. Шкло пырснула на глiнянай падлозе. Зьбянтэжаны Янук устаў з лавы.

- Так i трэба! - гукнуў Косьцiк. - З каторага стакана пiлi за таварышча Сталiна, з таго нiхто болi нi далжон пiць. Маладцы, га-га!

Усе селi. Прыйшло нязручнае маўчаньне, каторае зноў спынiў Косьцiк.

- Эта самае, - пачаў ён паволi, бяручы вiдэльцам з талеркi кiслы гурок, - мне здаецца, што таварышч Бахмач ня выпiў да дна... Верна, таварышч Шпунт?

- Да, верна, ня выпiў, - згадзiўся папугай.

- I многа ня выпiў? - прыжмурыўшы хiтра вочы й кусаючы гурок, пiльна ўглядаўся ў Пракопа Ромкаў гаспадар.

- Оо так мусiць з палавiну, цi болi, - мяркаваў Шпунт.

- Болi як палавiну? - намагаўся дзiвiцца Косьцiк. - Верна, Пракоп?

Бахмач маўчаў.

- Я цябе спрашываю, Пракоп, верна iлi нет, што ты палавiну цi болi ня выпiў?

Голас быў цьвёрды, рэзкi.

- Я-ж вам казаў, што што нiколi ня п'ю, - ледзь чутна, з трывогай адказаў Пракоп.

- Я цябе нi спрашываў, цi ты п'еш iлi нет, - сказаў Косьцiк. - Цi ты нi знаў гэтага, што калi п'еш за здароўе якога дарагога чалавека, дык трэба да дна выпiць, так як рускiя робяць? Што дажа тыя, каторыя нiкада ня п'юць, прыдзержываюцца гэтага? Га?

- Я-ж гэта самае... чуў, - прызнаўся Пракоп.

- Ну так от, галубчык... ты, стала быць, прызнаўся, што за нашага важдзя таварышча Сталiна нi хацеў выпiць. Верна?

Цi яго хапiў скразьняк у варыўнi, цi ад перапалоху пачалi браць Пракопа дрыжыкi. Холадна стала. Той глыток самагонкi замуцiў галаву. Пытаўся сам сябе Пракоп, цi ня лепш было-б, змагаючы агiду, выпiць поўную шклянку. Абы не чапiлiся, каб хутчэй iхныя нячыстыя ногi зь яго хаты панясло. Дзяцюкi, злосна пазiраючы на яго, кусалi хлеб i жвалi гуркi.

- Верна? - насядаў Косьцiк.

- Косьцiк, нi чапiся ты да мяне. Вiдзiш, што я слабы й нi магу, сказаў Пракоп дрыжачым голасам. Думаў, што такiм зваротам знойдзе нейкi мост да сумленьня басяка. Не магло-ж быць, каб ня меў ён нiякага сумленьня. Калi была ў яго навет маленькая макулiнка яго, дык льга было дарогу шукаць.