Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 72

К Акула

- Нiма ў мяне гарэлкi, - цiхаў сказаў Бахмач.

- Што? Гарэлкi нiма? От бiда вялiкая, - ўсьмiхнуўся Сабакевiч. - На во грошы, пашлi пацана, нiхай купiць.

Ён падыйшоў да Бахмача i з выцягнутага зь кiшэнi жмуту банкнотаў адзьдзялiў адзiн чырванец i даваў Пракопу. - На, бяры, нi сьцiсьняйся. За савецкую ўласьць вып'ем.

Апроч прынагоднай чаркi на якiм сямейным, цi рэлiгiйным сьвяце, Пракоп нiколi ня пiў. Жахнуўся думкi, што басякi гэтыя сядуць за ягоным сталом i, калi непаслухмяны будзе, могуць гарэлкi сiлай у рот налiць.

- На, кажу! - налягаў Сабакевiч i сiлай упхнуў чырванец у Пракопаву руку.

- Янучок, гэта самае... зьбегай да Кмiты, у яго пэўня ёсьцiка, - сказаў дрыжачым голасам Пракоп, усьведамiўшы, што выкруцiцца яму ня ўдасца.

- Добра, тата, - адказаў хлапец. Ён узяў з бацькавай потнай, заробленай у аўсяную муку рукi новы банкнот, што надта прыемна ў руцэ шалясьцеў. Не марудзячы, праз двор рушыў на вулiцу. Разгарнуў грошы ды ўважна iм прыглядаўся. На паперцы сядзеў такi самы лысун з прыжмуранымi вочкамi й жулiкаватай ухмылкай, як на тым партрэце ў школе. Янук ужо ведаў яго прозьвiшча, што рэдка сходзiла з вуснаў савецкiх палiтрукоў. Часта гарлапанiлi пра яго ў песьнях.

18

Кмiта Тодар, пачуўшы каму патрэбна гарэлка, усьмiхнуўся.

- А грошы табе ён даў? - спытаў.

Ня ўсьпеў Янук паказаць яму чырванец, як Тодар яго з рук выхапiў.

- Гэта дык здорава, - цмокныў вуснамi ў паперку. - Калi такiмi новiнькiмi раськiдаiцца, дык мусiць водзяцца яны ў яго.

Тодар плюнуў на паперку, пацёр яе.

- Абнавiць во трэба. Ну што-ж, за чырванец мусiць лiтроўку гнаць... Пачакай, я тут зараз...

Тодар зьбегаў унiз у склеп i хутка вярнуўся зь лiтроўкай. Сiвуха была добра закаркована.

- Калi скажа, што дорага, цi што, дык скажы, што гэта за сталiчную лепшая, - паднёс свой карэлы ўказальны палец Януку пад нос. - Будзiш помнiць?

- Буду, - адказаў хлапец.

- Пачакай, так нi нясi, загарнуць у нешта трэба.

У куце шупляды Тодар знайшоў кавалак газэты й загарнуў пляшку.

- От так лепi будзiць, - сказаў, - толька-ж глядзi, баранi Божа, нi пабi.

- Ну от вiдзiш як скора, умеючы, - сказаў Косьцiк Януку, калi той увайшоў у хату.- Нясi, Пракоп, закуску.

Пракоп, бяз слова, выйшаў у сенцы.

- Тодар здачы даў табе? - спытаў Косьцiк Янука, што пiльна ўзiраўся ў новых начальнiкаў.

- Ды нi даў...

- Нi даў? Iш ты яго! Ну да я зь iм рашчытаюся. Ад яўрэяў мусiць навучыўся.

- Казаў, што самагонка ягоная лепшая, чым сталiчная, - паясьнiў Янук.

- Як, як? Лепшая, чым сталiчная? Га-га-га! - зарагатаў на поўне горла Косьцiк. - Ты слышыш, Лявон? От i шэльма, крутадух! Га-га-га!

Лявон памагаў Косьцiку й два дзяцюкi шчыра й голасна рагаталi, калi Пракоп адчынiў дзьверы. Зiрнуўшы няўцямна на няпрошаных начальнiкаў, ён маўклiва паставiў на стол мску салёных агуркоў, палажыў акраец хлеба, пайшоў да палiцы i ўзяўся расстаўляць пасуду.

- Прабачце, дзяцюкi, - сказаў сьцiпла, - нiчога ў мяне скаромнага нiма, от агурок, ды хлеб...

- Да чаго ты бядуiш? - падыйшоў да гаспадара Косьцiк i са штучнай добразычлiвасьцю так шлёпнуў Бахмача па плячы, што той аж пахiснуўся. Садзiся во, - узяў Пракопа за руку й сiлай пасадзiў на краю стала. - Ты чуў, што Тодар твайму пацану сказаў, га? От шэльма, кажа, што яго самагонка за сталiчную лепшая. Га-га-га! Чуў такое, таварыш Бахмач?