Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 73

К Акула

Пракоп нiчога не адказаў, пазiраў на дзяцюкоў коса, быццам на зьвяроў, асьцерагаючыся, каб ня ўкусiлi.

- Ну дык ты, Лявон, чаго марудзiш? Адпячатывай! - загадаў Сабакевiч.

Лявона ня трэба спанукаць было. Рухам спрактыкаванага п'янiцы, ён хапiў пляшку й хлёстка стукнуў па левай даланi. Корак выскачыў на стол, а Лявон пачаў напаўняць чаркi. Ён налiў амаль палову першае, затрымаўся й спытаў Пракопа:

- Ты, таварыш Бахмач, чаму гэтыя напарсткi нам падаў? Гуляць зь iмi, цi што? Стаканаў у цябе нету?

Пракоп прынёс з палiцы й паставiў на стале дзьве шклянкi.

- Гэта чаму два? - спытаў Косьцiк.

- Ды я-ж, самi знаiця, ня п'ю, - зьбянтэжыўся Пракоп.

- Нi прытварайся! - груба сказаў Косьцiк. - Ты што, за савецкую ўласьць, за здароўе таварыша Сталiна ня вып'еш?

Апраўдвацца было небясьпечна. Пракоп зрабiў яшчэ адно падарожжа да палiцы й паставiў на стале трэцюю шклянку. Лявон узяўся налiваць з асалодай. Носам уцягваў самагонны пах.

- Прыгару нi чуваць, - сказаў. - Мусiць Тодар ужо добра руку набiў.

Лявон пачаў ад Косьцiкавай шклянкi. Зiрнуўшы на сябру, Сабакевiч кiўнуў галавой.

- Ты што гэта, традыцыi нi знаiш? Гаспадару трэба першаму налiваць.

Нiчога не адказаўшы, Лявон нагнуў пляшку. Самагонка прыемна булькала. Налiўшы палову шклянкi, Лявон пазiраў на Косьцiка.

- Лi, лi поўную, - усьмiхнуўся той. - Таварышч Бахмач за таварышча Сталiна поўную вып'iць. Праўда, Пракоп?

Нахабна вымаўленае "Пракоп" асаблiва ўкалола Бахмача. Быццам хацеў сказаць "бязьмен ты". Была гэтта й зьнявага, i зьдзек. Таўстыя вусны ўсьмiхалiся, шэрыя вочы пагражалi. Асноўным аб'ектам Пракопавага зацiкаўленьня, што поўнiла яго вялiкай трывогай, была шклянка Кмiтавай самагонкi, каторую зухавата налiвала Лявонава рука. Вось яна, чысьцюсенькая-поўненькая, стаяла на ягоным, Пракопавым стале й на паядынак выклiкала. А Лявон ўжо напоўнiў Косьцiкаву й падганяў сваю. Разьлiў больш паловы пляшкi.

Косьцiкава вялiкая правая далонь, белая й гладкая, што мусiць ужо ад нiткi й iголкi адвыкла, спакойна адпачывала ля поўнай шклянкi на стале. Золатам зьзяў на пальцы вялiкi сыгнэт з прыгожым чырвоным камянём i лiтарай "К" ан iм. Якраз у гэну хвiлiну Сабакевiч зiрнуў на свой ручны залаты гадзiньнiк. Спасьцярогшы ўсё гэта, у вадным кiрунку павандравалi Пракопавы думкi. Калiшнi сабакарэз сядзеў цяпер гаспадаром у яго хаце. На руках чужое золата, у кабуры - пераканальны довад сiлы "народнай улады". Гэта той самы шэльма, што некалi пачаў сваю дарогу "ў людзi" кражай настаўнiчынага гадзiньнiка ў пачатковай школе. Хто тады мог прадбачыць, што з таго шчанюка-злодзея вырасьце? Плён дасьпеў, спажывайце, людзi добрыя...

Дзяцюкi ўсталi. Неахвотна, паволi падняўся Пракоп.

- Дык от, таварышчы, - урачыста пачаў Косьцiк, высака, перад самым носам трымаюччы шклянку, - вып'ем усе да дна. Паўтараю: да дна!